ВЯРБЛЮ́ДКА
(Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Д.І.Траццякоў.
т. 4, с. 392
ВЯРБЛЮ́ДКІ
(Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
т. 4, с. 393
ВЯРБЛЮ́ДЫ
(Camelus),
род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у тл. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.
Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, лакцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.
т. 4, с. 393
ВЯРБО́ЎКА
(польск. werbować ад ням. werben набіраць),
1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.
2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.
т. 4, с. 393
ВЯРГЕ́Й Валянціна Сяргееўна
(н. 28.9.1946, г. Петрыкаў Гомельскай вобл.),
бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1984). Скончыла БДУ (1968). Працавала ў БДУ, Гродзенскім пед. ін-це, з 1978 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Асн. кірунак дзейнасці — гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Бел. Палесся жал. веку. Адзін з аўтараў кн. «Беларуская археалогія» (1987).
Тв.:
Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;
Актуальныя праблемы археалогіі славян 5—10 ст. у Беларускім Палессі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. Мн., 1992;
Раннеславянское поселение Струга 1 на нижней Горыни // Archaeoslavica. 1993. № 2;
Западный ареал милоградской культуры // Гіст.-археалагічны зб. 1995. № 7.
т. 4, с. 393
ВЯРГЕ́ЙЧЫК Леанід Аляксандравіч
(н. 31.10.1941, Мінск),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1968). З 1968 у Бел. аграрным ун-це. Навук. працы па тэарэт. асновах распрацоўкі рабочых органаў і сродкаў аўтаматызацыі бульбаўборачных машын.
Тв.:
Устойчивость системы автоматического вождения самоходного картофелеуборочного комбайна (разам з Л.І.Бурганскай, В.П.Буяшовым) // Трактары и сельхозмашины. 1985. № 8.
Л.В.Бароўка.
т. 4, с. 393
ВЯРГІ́НЯ
(Dahila),
род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі З—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
т. 4, с. 393
ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА,
Вяркуда, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.
т. 4, с. 394
ВЯРКУ́ДЫ,
вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Вяркудскае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы, 110 км да Віцебска, 46 км ад чыг. ст. Полацк. 275 ж., 105 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 394