Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.М.Чарняўскі.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІЦА,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Чашнікі, 111 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Вятны. 307 ж., 113 двароў (1998). Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 8, с. 482

КРУГЛО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (17.6.1852, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія — 22.10.1915),

рускі пісьменнік. Скончыў пед. курсы (1869). Настаўнічаў, працаваў у Валагодскай казённай палаце. Друкаваўся з 1870. Найб. значныя творы адрасаваны дзецям: зб-кі апавяданняў і вершаў «Падарунак на ёлку» (1880), «Незабудкі» (1885), аповесці «Іван Іванавіч і кампанія» (1882), «Бальшак» (1883) і інш. Цыкл артыкулаў «Літаратура «маленькага народа» (1892—95) — адна з першых рус. тэарэт. прац па дзіцячай л-ры. Аўтар зб-каў «Каханне і ісціна» (1899), «Вечаровыя песні» (1912) і інш., вершы з якіх пакладзены на музыку А.Барадзіным, С.Танеевым, С.Рахманінавым. Сярод прозы вылучаюцца дакумент. творы: зб-кі нарысаў і апавяданняў «Паны сяляне» (1897), «Патрывожаныя» (1909), аўтабіягр. аповесць «Правінцыйныя карэспандэнты» (1879), этнагр. нарысы аб жыцці зыран (комі) «Лясныя людзі» (1887) і інш. Аўтар раманаў «Свае — чужыя» (1891), «Немудрагелістае шчасце» (1895) і інш., успамінаў, у т. л. пра літаратараў 1870—80-х г.

т. 8, с. 482

КРУГЛО́Ў (Анатоль Агапеевіч) (н. 4.3.1932, в. Курганава Смаленскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БДУ (1958). З 1968 у БДУ. Навук. працы па агульных пытаннях тэорыі і гісторыі рэлігіі і атэізму, развіцця атэіст. думкі на Беларусі, адносінах паміж дзяржавай і царквой, пытаннях маралі і рэлігіі, свабоды веравызнання і сумлення, а таксама Бібліі як помніку гісторыі і духоўнай культуры. Аўтар навуч. дапаможнікаў па тэорыі і гісторыі рэлігіі для сярэдніх, спец. і вышэйшых навуч. устаноў.

Тв.:

Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974;

Основы научного атеизма. Мн., 1983;

Мы и религия. Мн., 1984;

Свобода совести. Мн., 1986;

Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 гг.). Мн., 1989;

История и теория религии и свободомыслия. Мн., 1996.

П.М.Бараноўскі.

т. 8, с. 482

КРУГЛО́Ў (Сяргей Ільіч) (н. 8.5.1951, Масква),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Брат У.І.Круглова. Скончыў БДУ (1973). З 1976 у АН Беларусі, з 1986 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў мадэль электраслабых узаемадзеянняў з састаўнымі базонамі Хігса, даследаваў непертурбатыўныя эфекты ў моцных узаемадзеяннях элементарных часціц.

Тв.:

Электромагнитные характеристики нуклонов в модели КХД—струн // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элементарных частиц и теория относительности. Мн., 1997. Вып. 4.

Л.В.Бароўка.

т. 8, с. 482

КРУГЛО́Ў (Уладзімір Ільіч) (н. 2.4.1947, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Брат С.І.Круглова. Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі, з 1993 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, з 1996 ў Новай Зеландыі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і тэорыі пераносу выпрамянення. Прадказаў і тэарэтычна даследаваў спіральныя фатонныя пучкі ў нелінейных асяроддзях.

Тв.:

О численном моделировании и некоторых аналитических аспектах вихревой динамики световых полей в лазерных системах (разам з В.М.Волкавым) //Дифференциальные уравнения. 1995. Т. 31, № 7.

С.Я.Кілін.

т. 8, с. 483

Круглоў Валерый Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 411

КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ,

нематоды (Nematoda), клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.

Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.

Да арт. Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 483

КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г. п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

Л.В.Аржаева.

т. 8, с. 483

КРУГЛЯ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1990, адкрыты ў 1994 у г. п. Круглае Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 149 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў ляпны і ганчарны посуд, жаночыя ўпрыгожанні 11—12 ст. з археал. помнікаў Кругляншчыны, манетны скарб 17 ст., царк. статут, псалтыр, «Жыціе і пакуты св. вялікамучаніцы Варвары» (1897), бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., матэрыялы жыцця і дзейнасці рус. военачальнікаў І.У.Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) і М.Р.Чарняева, рэпрадукцыі карцін мастака-перасоўніка М.В.Неўрава, апошнія гады жыцця якога прайшлі на Кругляншчыне, бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, вырабы з саломкі, калекцыя карункаў.

С.В.Каднікава.

т. 8, с. 483