Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вялічка Магдалена Рыгораўна

т. 18, кн. 1, с. 366

Вялічка Уладзімір Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЯ́ЛЬЦАВА Настасся Дзмітрыеўна

(1871, г. Харкаў, Украіна — 18.2.1913),

расійская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вучылася ў Пецярбургу. З 1888 выступала ў аперэтачных трупах (у 1893—97 у трупе С.А.Пальма ў Маскве і Пецярбургу). Сярод роляў: Перыкола, Алена («Перыкола», «Прыгожая Алена» Ж.Афенбаха), Сафі («Цыганскі барон» І.Штрауса), Клерэта («Дачка мадам Анго» Ш.Лекока). Зрэдку выступала ў операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса). Адначасова канцэртавала, вядомая як выканальніца цыганскіх рамансаў.

Літ.:

Нестьев И.В. Звёзды русской эстрады. 2 изд. М., 1970.

т. 4, с. 389

ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч

(27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.У.Скобла.

т. 4, с. 389

Вялянкова Ірына Міхайлаўна

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.

т. 4, с. 390

ВЯНГЕ́РАЎ Сямён Апанасавіч

(17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),

расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.Аксакава, В.Бялінскага, І.Ганчарова, М.Гогаля, І.Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Карскага, Е.Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;

2 нзд. Т. 1, 4. Пг., 1919.

Літ.:

Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.

т. 4, с. 390

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вянлдярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунельныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вянлдярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вянлдярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вянлдярні, выкарыстоўваюць міні-вянлдярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 390

ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры, сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст. н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст.асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжовацэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт. Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц. нар. жыллі і гасп. пабудовах.

С.А.Сергачоў.

т. 4, с. 390

ВЯНО́ЗНЫ ЦІСК,

ціск крыві, якая рухаецца па венах. Велічыня вянознага ціску залежыць ад аб’ёму крыві, якая паступае ў вянозную сістэму, ад тонусу вянозных сасудаў, ціску крыві ў правым перадсэрдзі. Адрозніваюць гідрадынамічны і гідрастатычны вянозны ціск. У найб. буйных венах (верхняя і ніжняя полыя вены) вянозны ціск можа дасягаць адмоўных велічынь. У венах вышэй ад узроўню сэрца вянозны ціск бывае ніжэйшы за атмасферны, макс. значэнняў ён дасягае ў ніжніх канечнасцях чалавека. Вымяраюць ціск у гарыз. становішчы цела. У здаровых людзей ён складае 80—120 мм вадзянога слупка. Вянозны ціск залежыць ад узросту: у дзяцей павялічваецца ад 40 да 100 мм вадзянога слупка; у пажылых зніжаецца.

т. 4, с. 390