Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КІ ПЕРАКО́П,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай і Мядзельскім р-не Мінскай абл., у бас. р. Вілія. Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 241 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мацясы Мядзельскага р-на (у верхнім цячэнні наз. Малінаўка). Асн. прытокі Сермеж і ручай Першы. Даліна добра распрацаваная. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае. У вярхоўі і сярэднім цячэнні на пойме Вялікі Перакоп прымае сцёк меліярац. каналаў; у нізоўі рыбапрамысловы ўчастак; створана сажалка.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ ПЁС

(лац. Canis Major),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка — Сірыус (α Вялікага Пса, -1,4 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая зорка ўсяго неба. 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі Вялікага Пса відаць зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ РО́ЖАН,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач і Чырвонаслабодскага вадасх., на аўтадарозе Чырв. Слабада—Ганцавічы. Цэнтр Рожанскага с/с і калгаса. За 43 км на З ад горада і чыг. ст. Салігорск, 176 км ад Мінска. 1227 ж., 460 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 4 км ад вёскі, ва ўрочышчы Шылава помнік партызанам. Царква Ушэсця.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ САХА́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

Алжыра-Туніскі артэзіянскі басейн, размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс. км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх. мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал. ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ СТАЎРАПО́ЛЬСКІ КАНА́Л

(да 1970 Кубань-Калаўскі),

арашальна-абвадняльны канал у Стаўрапольскім краі Расійскай Федэрацыі. Адкрыты ў 1967. Злучае р. Кубань з Чаграйскім вадасховішчам (Калмыкія). Даўж. больш за 480 км. Прапускная здольнасць 180 м³/с. На Вялікім Стаўрапольскім канале — Вялікае вадасховішча.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ СТРАКА́ТЫ ДЗЯ́ЦЕЛ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ СУПО́НЕЦ,

возера на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 19 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,42 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 23,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,6 км. Пл. вадазбору 6,13 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м (на Пн 5—10 м, спадзістыя) пад лесам, на ПнЗ разараныя. Дно складанай будовы (чаргуюцца ўпадзіны і мелі). Зона мелкаводдзя вузкая, выслана пяскамі і глеямі, глыбей — сапрапелем. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 8—50 м. Злучана пратокай з воз. Малы Супонец.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І,

Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі, тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.Медоксам і кн. П.В.Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.І.Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.Бавэ, паводле праекта А.Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.К.Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст. сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял. т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.Рындзін, В.Левенталь і інш. Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.

Літ.:

Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;

Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ УЗЕ́НЬ,

рака на ПдУ еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі і на З Казахстана. Даўж. 650 км, пл. бас. 15,6 тыс. км². Упадае ў бяссцёкавыя Камыш-Самарскія азёры. Жыўленне пераважна снегавое. Сцёк вясной. Летам на асобных участках перасыхае. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Новаўзенск 6,7 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 4, с. 386

ВЯЛІ́КІ УЛІ́Т,

птушка, гл. ў арт. Уліты.

т. 4, с. 386