Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КВА́ША,

у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Сумесь жытняй і грэцкай, радзей толькі жытнюю муку разводзілі цёплай вадой, пасля залівалі варам (або залівалі халоднай вадой і ставілі ў цёплае месца), каб набыла салодкі смак, пасля заквашвалі скарынкай хлеба. К. кісла ноч, раніцай варылі. Вядома ў цэнтр. Палессі. Падобна да кулагі, саладухі.

т. 8, с. 213

КВАШАНІ́НА,

гл. Студзіна.

т. 8, с. 213

КВА́ШАННЕ,

1) метад кансервавання гародніны (пераважна белакачаннай капусты), шляхам малочнакіслага браджэння. Пры браджэнні цукрыстых рэчываў утвараецца малочная к-та, якая разам з кухоннай соллю, што дадаюць пры К., аказвае кансервавальнае дзеянне. Квашаныя прадукты захоўваюць пры т-ры 0—5 °C. 2)У гарбарнай і футравай прамысловасці — апрацоўка шкур у водным настоі аўсянай ці ячнай мукі грубага памолу з дабаўленнем кухоннай солі і часам вотруб’я; адзін з працэсаў вытв-сці каракулю.

т. 8, с. 213

КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),

правінцыя на У Канады. Пл. 1540,7 тыс. км². Нас. 7143 тыс. чал. (1992); пераважна франка-канадцы. Адм. ц.г. Квебек. Займае б. ч. п-ва Лабрадор, на Пд даліна р. Св. Лаўрэнція і паўн. адгор’і Апалачаў. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 11 °C да 21 °C. На Пн — тундра, у цэнтры і на Пд — хвойныя лясы. Развіта горназдабыўная прам-сць. Здабываюць жал. руду, медзь, поліметалы, золата, серабро, нікель, азбест (каля 90% здабычы азбесту ў краіне). Амаль усю электраэнергію даюць ГЭС на парожыстых рэках. Апрацоўчая прам-сць дае каля 1/3 кошту прамысл. прадукцыі правінцыі, сканцэнтравана гал. ч. на Пд. Развіты цэлюлозна-папяровая і алюмініевая прам-сць, перапрацоўка нафты, машынабудаванне, тэкст., швейная, футравая, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Пасевы кармавых траў, кукурузы (на сілас), аўсу, бульбы. Рыбалоўства. Гал. прамысл. цэнтры і парты — Манрэаль і Квебек.

т. 8, с. 213

КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),

горад на У Канады. Адм. ц. прав. Квебек. 646 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Буйны порт каля вусця р. Св. Лаўрэнція, даступны для акіянскіх суднаў (вываз лесаматэрыялаў, паперы, збожжа, азбесту). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, папяровая, суднабуд., гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музей прав. Квебек, Музей ун-та Лаваля. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 17—19 ст.: кляштар урсулінак, базіліка, жылыя дамы. Гіст. раён К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Панарама Квебека.

Засн. ў 1608 французам С.​Шамплейнам на месцы індзейскай вёскі. Хутка К. стаў цэнтрам франц. культуры і гандлю, з 1663 — афіц. сталіца франц. калоніі Новая Францыя. У Сямігадовую вайну 1756—63 заваяваны англічанамі (1759), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 перададзены Англіі. З 1791 сталіца калоніі Ніжняя Канада, потым — прав. Квебек. У 1851—55 і 1859—67 часовая сталіца Канады. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Квебекскіх канферэнцый 1943, 1944.

т. 8, с. 213

КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,

нарады прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля ў г. Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К.к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц. К-та нац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К.к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.​Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.​Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.

т. 8, с. 214

КВЕРШЛА́Г (ням. Querschlag),

гарызантальная, часам нахіленая падземная горная вырабатка, якая не мае непасрэднага выхаду на зямную паверхню і пракладваецца ў шахтах па пародах пад прамым вуглом да лініі распасцірання пластоў. Служыць для адкаткі грузаў, перамяшчэння людзей, вентыляцыі і інш. Выкарыстоўваецца звычайна на працягу тэрміну службы гарызонту або паверха.

т. 8, с. 214

КВЕ́СТАР (лац. quaestor ад quaero шукаю, вышукваю, вяду следства),

у Старажытным Рыме службовая асоба. У царскую эпоху К. былі суддзямі ў крымін. працэсах, у эпоху рэспублікі — малодшымі магістратамі, памочнікамі консулаў у фін., а да 240 да н. э. і ў суд. справах. У эпоху імперыі наглядалі за машчэннем дарог, арганізацыяй гульняў, абвяшчэннем урадавых указаў і інш. Пасада К. замяшчалася патрыцыямі, з 421 да н. э. стала даступнай плебеям і ператварылася ў 1-ю ступень паліт. кар’еры.

т. 8, с. 214

КВЕ́ТА,

горад на З Пакістана, у Сулейманавых гарах, каля Баланскага перавалу. Адм. ц. прав. Белуджыстан. Каля 300 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр пладаводчага раёна (цытрусавыя, вінаград). Прам-сць: маш.-буд., металаапр., цэм., дрэваапр., харчасмакавая, хімічная. ЦЭС. Рамёствы: ручное дыванаткацтва, разьба па дрэве, вышыўка па шоўку, выраб дэкар. рэчаў з оніксу. Ун-т. Сярэдневяковая крэпасць Міры, саборная мячэць. У 1935 горад быў зруйнаваны ў выніку землетрасення.

т. 8, с. 214

КВЕ́ТАНКА,

рака, гл. Ракітаўка.

т. 8, с. 214