КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),

правінцыя на У Канады. Пл. 1540,7 тыс. км². Нас. 7143 тыс. чал. (1992); пераважна франка-канадцы. Адм. ц.г. Квебек. Займае б. ч. п-ва Лабрадор, на Пд даліна р. Св. Лаўрэнція і паўн. адгор’і Апалачаў. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 11 °C да 21 °C. На Пн — тундра, у цэнтры і на Пд — хвойныя лясы. Развіта горназдабыўная прам-сць. Здабываюць жал. руду, медзь, поліметалы, золата, серабро, нікель, азбест (каля 90% здабычы азбесту ў краіне). Амаль усю электраэнергію даюць ГЭС на парожыстых рэках. Апрацоўчая прам-сць дае каля 1/3 кошту прамысл. прадукцыі правінцыі, сканцэнтравана гал. ч. на Пд. Развіты цэлюлозна-папяровая і алюмініевая прам-сць, перапрацоўка нафты, машынабудаванне, тэкст., швейная, футравая, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Пасевы кармавых траў, кукурузы (на сілас), аўсу, бульбы. Рыбалоўства. Гал. прамысл. цэнтры і парты — Манрэаль і Квебек.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)