ГРАДА́ ў геамарфалогіі, агульная назва невысокіх, выцягнутых узвышшаў рознага памеру і паходжання. У ледавіковых абласцях (Бел. Паазер’е) утварыліся марэнныя грады (марэны) з нагрувашчванняў ледавіковых адкладаў і озавыя (озы). У абласцях пашырэння пясчаных адкладаў (Бел. Палессе, Каракумы, узбярэжжа Балтыйскага м.) узніклі пясчаныя грады ветравога паходжання (дзюны, барханы). У выніку размыву нахіленых у адзін бок пластоў горных парод рознай цвёрдасці ўтварыліся куэставыя грады (куэсты).
т. 5, с. 385
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.
т. 5, с. 385
ГРА́ДАЎ Юрый Міхайлавіч
(н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх. Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
т. 5, с. 385
ГРАДА́ЦЫЯ
(лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.
т. 5, с. 385
ГРА́ДЗЕЦ-КРА́ЛАВЕ
(Hradec Králové),
горад у Чэхіі, на р. Лаба. Адм. ц. Усходне-Чэшскай вобл. 100,6 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (у т. л. вытв-сць электратэхн. і комплекснага абсталявання для з-даў), хім., гумавая, харч. прам-сць; выраб муз. інструментаў. Музей. Гатычны сабор (14 ст., перабудаваны ў 15 і 18 ст.), барочныя касцёлы (17 і 18 ст.), езуіцкі калегіум (17 ст.), епіскапскі палац (17—18 ст.), дамы 16 ст.
т. 5, с. 385
ГРАДЗІ́РНЯ
(ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).
т. 5, с. 385
ГРАДЗЯ́НКА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Канцавая станцыя чыг. веткі ад лініі Мінск—Асіповічы. За 45 км ад Асіповіч. 700 ж. (1997).
Пасёлак узнік у пач. 20 ст. ў сувязі з лесанарыхтоўкай і апрацоўкай драўніны. Паводле перапісу 1917, у Градзянцы 359 ж., 67 двароў, на чыг. станцыі 35 ж., 10 двароў. Дзейнічалі лесапільны з-д, кравецкая арцель. З 1924 у Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. У 1926—54 цэнтр сельсавета, з 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1940 у Градзянцы 800 ж., 260 двароў. У Вял. Айч. вайну з канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю спалілі пасёлак, загубілі 350 ж. У 1962—65 у Бабруйскім р-не. У 1969 — 1300 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы мясц. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.
т. 5, с. 386
ГРАДО́ЎСКІ Аляксандр Дзмітрыевіч
(25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.
В.В.Краснова.
т. 5, с. 386
ГРА́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА,
Чорнае возера, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вузлянка, за 18 км на Пд ад г.п. Мядзел, у межах гідралаг. заказніка Чарэмшыца. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шыр. да 500 м, нізкая, забалочаная, з сеткай меліярац. каналаў.
т. 5, с. 386
ГРАДУІРО́ЎКА (ням. graduieren ад лац. gradus крок, ступень) сродкаў вымярэнняў, вызначэнне і нанясенне ў маштабе асн. (апорных) пунктаў для пабудовы шкалы адліку ў вымяральных прыладах і мерных прыстасаваннях. Робіцца параўнаннем паказанняў прылады, якая градуіруецца, з паказаннямі эталоннай (узорнай) прылады.
т. 5, с. 386