ГРАДА́ЦЫЯ

(лац. gradatio ад gradus ступень),

стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:

Ты — наш сцяг, што нікому,

         нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

         забыць ці мячом зваяваць.

Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)