ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,
біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ БЕЛ́АЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,48 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 10,2 м, даўж. берагавой лініі 7,5 км. Пл. вадазбору 3,2 км². Схілы катлавіны выш. 11—17 м, стромкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, на Пн сплавінныя. Дно да глыб. 5 м выслана пяском, да 6—7 м глеем, глыбей — сапрапелем. У паўн. ч. востраў пл. 0,1 га і пясчаная водмель глыб. 0,1 м. Расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана пратокай з воз. Гваздок.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Гайна, за 14 км на ПнУ ад г. Смалявічы. Пл. 1,6 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,2 м. Пл. вадазбору 13,6 км². Берагі забалочаныя, тарфяністыя. Зарастае. Выцякае ручай Граба.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, на паўн.-зах. ускраіне г. Глыбокае. Пл. 0,89 км², даўж. 2,15 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 5,7 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 40,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—10 м, на ПнУ і У 10—16 м, пераважна разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Дно складаецца з паўн. (вялікага) і паўд. (малога) плёсаў, злучаных пралівам глыб. да 1,7 м. У паўн. плёсе востраў пл. 0,7 га. Расліннасцю занята 16% пл. возера, шыр. паласы 10—100 м. На ПдЗ і З упадаюць 2 ручаі і пратока з воз. Кагальнае, сцёк па пратоцы ў Падлужнае возера.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 12 км на ПдУ ад г. Рэчыца. Пл. 0,4 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 220 м. Берагі высокія, пясчаныя. Старычнае.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Мазырскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 4 км на У ад Мазыра. Пл. 0,24 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 150 м. Поймавае. Злучана канавай з меліярац. сістэмай. Уздоўж паўд. берага пясчаныя грады, парослыя хмызняком.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ГАРО́ДНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—18 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія. Злучана пратокай з воз. Малое Гародна.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ЗАСАМІ́ННАЕ ВО́ЗЕРА,
у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маства (левы прыток Сцвігі), за 21 км на ПдУ ад г. Столін. Пл. 0,98 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 1 км, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Схілы акруглай катлавіны спадзістыя. З возера выцякае р. Мышанка.
т. 4, с. 356
«ВЯЛІ́КАЕ ЗЯРЦА́ЛА»,
сярэдневяковы зборнік дыдактычна-маралізатарскіх царкоўна-рэліг. легенд, свецкіх апавяданняў і нар. анекдотаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. «Вялікае зярцала» перакладзена з польск. тэксту, які ўзыходзіць да лац. арыгінала, выдадзенага ў Галандыі ў 1481. Для бел. перакладу адабрана 60 навел. Некаторыя з іх пазначаны дэмакратызмам і гуманіст. тэндэнцыямі: асуджаюць жорсткасць багацеяў, разбэшчанасць духавенства. З гумарам паказаны адмоўныя рысы чалавечага характару і паводзін. Спалучэнне напружанасці і драматызму дзеяння, жыццёвасці многіх сітуацый з царк.-рэліг. фантастыкай надавала творам зборніка займальнасць і садзейнічала яго папулярнасці.
Літ: Державина О.А. «Великое зерцало» и его судьба на русской почве. М., 1965.
Л.Л.Кароткая.
т. 4, с. 356