Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ВЯДОМО́СЬЦІ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»

(«Wiadomości Grodzieńskie», «Гродзенскія навіны»),

газета. Выдавалася ў ліст.снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АН у Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).

І.​У.​Саламевіч.

Газета «Вядомосьці Гродзеньске».

т. 4, с. 338

ВЯДРО́ША, Вядрошка,

рака ў Смаленскай вобл. Расійскай Федэрацыі, правы прыток Кацілаўкі (бас. Дняпра, недалёка ад г. Дарагабуж). Каля Вядрошы ў 1500 адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. Гл. Бітва на Вядрошы 1500.

т. 4, с. 338

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

ВЯДУ́ТА (Мікалай Іванавіч) (н. 6.2.1913, г. Старабельск, Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р эканам. н. (1966), праф. (1968). Скончыў Харкаўскі механіка-машынабуд. ін-т (1938). У 1957—62, 1967—77 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. У 1962—67 дырэктар Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання ў Мінску. У 1977—93 у НДІ ЭВМ, Бел. ін-це навук.-тэхн. інфармацыі і прагнозаў. Навук. працы па арг-цыі і эканоміцы машынабудавання, эканам. эфектыўнасці капітальных укладанняў і новай тэхнікі, эканам. кібернетыцы.

Тв.:

Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;

Экономика механизации управленческого труда. М., 1968 (разам з І.​Б.​Левіным, С.​І.​Лукашэвічам);

Экономическая кибернетика. М., 1971;

Марксизм-ленинизм и мы. Мн., 1996.

М.І.Вядута.

т. 4, с. 338

Вяеўнік Леў Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЯЖБІ́ЦКІ ((Wierzbicki) Юзаф Станіслаў) (12.2.1853, в. Генрыкавец, каля г. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),

польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 4, с. 338

ВЯ́ЖУЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ ў будаўніцтве,

рэчывы, якія пераходзяць з вадкага або цестападобнага стану ў каменепадобны і звязваюць пры гэтым змешаныя з імі запаўняльнікі ці змацоўваюць камяні. Бываюць неарганічныя (мінеральныя) і арганічныя. Выкарыстоўваюцца для вырабу бетону і будаўнічых раствораў, гідра-, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў і вырабаў, канструкцыйных і дэкар. пластыкаў і інш.

Неарганічныя вяжучыя рэчывы — парашкападобныя рэчывы, здольныя пры змешванні з вадой утвараць пластычную кансістэнцыю і цвярдзець. Бываюць: гідраўлічныя, якія пасля змешвання з вадой цвярдзеюць і захоўваюць трываласць на паветры і ў вадзе (партландцэмент і яго разнавіднасці, пуцаланавыя, шлакавыя і гліназёмістыя цэменты, гідраўл. вапна і інш.); паветраныя, якія цвярдзеюць і захоўваюць трываласць толькі на паветры (гіпсавыя і магнезіяльныя рэчывы, паветр. вапна і інш.); аўтаклаўнага цвярдзення, якія эфектыўна цвярдзеюць толькі пад ціскам у аўтаклавах (вапнава-крэменязёмістыя і вапнава-нефелінавыя вяжучыя, пясчаністы партландцэмент і інш.). Арганічныя вяжучыя рэчывы — цвёрдыя або вязкавадкія прыродныя ці штучныя высокамалекулярныя злучэнні, здольныя пад уплывам фіз.-хім. працэсаў пераходзіць у цвёрды або малапластычны стан. Падзяляюцца на бітумныя (гл. Асфальт, Бітумы), дзёгцевыя і палімерныя (гл. Палімеры). У састаў вяжучых рэчываў уводзяць дабаўкі, якія паляпшаюць іх якасць або надаюць новыя ўласцівасці. На Беларусі ёсць значныя паклады сыравіны для атрымання вяжучых рэчываў (гл. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць).

І.​І.​Леановіч.

т. 4, с. 339

ВЯЗ, лём (Ulmus),

род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.

т. 4, с. 339

ВЯЗА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

гл. Трыкатажная машына.

т. 4, с. 339

«ВЯЗА́НКА»,

бел. народны танец. Фігуры разнастайных полек («Полька з падскокам», «Полька дробная», «Полька бабская», «Полька ўпрысюды», «Полька на загонах», «Вуж», «Мяцеліца») у ім як бы звязваюцца паміж сабой жарт. прыпеўкамі. Муз. памер 24. Тэмп хуткі. Зафіксавана ў 1940-я г. ў Ланскім с/с Нясвіжскага р-на, увайшла ў рэпертуар танц. калектываў Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 339