СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧАГА (СВГ) у 1-ю сусветную вайну 1914—18, орган вышэйшага палявога кіравання і месца знаходжання галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі. У пач. вайны размяшчалася ў Баранавічах, з 21.8.1915 — у Магілёве, з 26.2.1918 — у Арле. На чале ўзбр. сіл стаяў Вярх. галоўнакамандуючы з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, яго штаб першапачаткова складаўся з 5 упраўленняў. У пач. вайны ў СВГ было 9 генералаў, 36 афіцэраў, 12 ваен. чыноўнікаў і 125 салдат. У ходзе вайны склад СВГ павялічваўся, і на 14.11.1917 у яе ўваходзілі 15 упраўленняў, 3 канцылярыі, 2 к-ты (усяго больш за 2 тыс. генералаў, афіцэраў, чыноўнікаў і салдат). Пры Стаўцы знаходзіліся і ваен. прадстаўнікі саюзных дзяржаў Антанты. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Стаўка стала цэнтрам арганізацыі Карнілава мяцяжу 1917. Пасля перамогі ў Петраградзе Кастр. рэвалюцыі 1917 СВГ (Вярх. галоўнакамандуючы ген. М.М.Духонін і камісар Часовага ўрада В.Б.Станкевіч) 26 кастр. (8 ліст.) заклікала армію выступіць супраць сав. улады. 4—11 (17—24) ліст. прадстаўнікі кадэтаў, эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы т.зв. агульнарас. ўрад на чале з эсэрам В.М.Чарновым. З 7(20) ліст. Духонін пры падтрымцы прадстаўнікоў Антанты адмовіўся выконваць указанні сав. ўрада і пачаць перагаворы з Германіяй аб перамір’і. 9(22) ліст. ён адхілены ад пасады і на гэтую пасаду прызначаны бальшавік прапаршчык М.В.Крыленка. 19 ліст. (2 снеж.) па загадзе Духоніна з турмы ў Быхаве выпушчаны генералы Л.Г.Карнілаў, А.І.Дзянікін і інш., якія ўцяклі на Дон. У гэты ж дзень Магілёўскі ВРК устанавіў кантроль над Стаўкай. 20.11(13.12).1917 СВГ занята атрадам рэв. войск на чале з Крыленкам, а Духонін забіты салдатамі. 21.11(4.12).1917 пры рэв. Стаўцы створаны ВРК (старшыня І.Ф.Баярскі), які прызначыў сваіх камісараў у аддзелы і ўпраўленні СВГ, распрацаваў дакументы аб дэмакратызацыі і дэмабілізацыі арміі. 16(29).12.1917 ВРК рэарганізаваны ў Цэнтр. к-т дзеючых армій і флоту (Цэкадорф) у складзе 50 чал. (старшыня М.У.Рагазінскі). 9.12.1918 пры Стаўцы створаны Рэв. палявы штаб — орган аператыўнага кіраўніцтва ўзбр. барацьбой з контррэвалюцыяй, пачала выдавацца газ. «Революционная ставка». У сувязі з дэмабілізацыяй арміі 5.3.1918 пасада Вярх. галоўнакамандуючага скасавана, 9.3.1918 спыніў дзейнасць Цэкадорф, 16.3.1918 — штаб Стаўкі.
Вярх. галоўнакамандуючымі былі: вял. кн. Мікалай Мікалаевіч, імператар Мікалай II, М.В.Аляксееў, А.А.Брусілаў, Карнілаў, А.Ф.Керанскі, Духонін, Крыленка.
І.К.Скварцоў.
т. 15, с. 178