КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл. Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл. Лебедзі), чэрнець белавокая (гл. Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
т. 8, с. 197
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Л.А.Малаш.
т. 8, с. 197
КАШАВА́РАВА-РУ́ДНЕВА (Варвара Аляксандраўна) (1842, г. Віцебск — 11.5.1899),
расійскі вучоны, урач акушэр-гінеколаг, першая ў Расіі жанчына, якая атрымала вучоную ступень д-ра медыцыны (1876). Скончыла Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1868). Працавала ў Пецярбургу (1868—81) і ў Варонежскай губ. (1881—99). Навук. працы па паталаг. анатоміі жан. палавых органаў, гігіене жанчын, гісторыі мед. адукацыі ў Расіі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Піянерка» (1886).
т. 8, с. 197
КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.
т. 8, с. 197
КАШАЛЁВА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Навагрудак—Наваельня. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г. Навагрудак, 172 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня. 371 ж., 158 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 8, с. 197
КАШАЛЁЎ,
вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ліпа, каля аўтадарогі Буда-Кашалёва—Чачэрск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 5 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 53 км ад Гомеля. 479 ж., 180 двароў (1998). Птушкафабрыка, масласырзавод. Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 8, с. 197
КАШАЛЁЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі на Кашалёўскай дачы Рагачоўскага пав. (цяпер в. Кашалёў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.). У 1898 на 3 прадпрыемствах працавала па 50, на 2 — па 45 чал.
т. 8, с. 197
КАША́ЛІН (Koszalin),
горад на ПнЗ Польшчы. Вядомы з 1214. 111 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. вытв-сць аўтацыстэрнаў, буд. машын, радыёэлектронных вырабаў), харч., мэблевая. Арх. помнікі 14 ст.
т. 8, с. 197
КАШАЛІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Koszalińskie),
былая адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. З 1999 тэр. ў складзе Заходне-Паморскага ваяводства.
т. 8, с. 197
КАШАЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Кашалі. Паклад у выглядзе 6 лінзаў звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, бураватая, з праслойкамі і лінзамі розназярністых пяскоў, месцамі гліністая; жвіру больш за 5 мм у ёй 24—30%. Пяскі-адсевы сярэдне- і буйназярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—23,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—5,7 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 8, с. 197