ВЫТВО́РЧАЯ СФЕ́РА,
сукупнасць галін нар. гаспадаркі і відаў дзейнасці, якія ствараюць матэрыяльныя даброты ў выглядзе прадуктаў, энергіі, у форме перамяшчэння грузаў, захоўвання прадуктаў, сарціроўкі, упакоўкі і інш. функцый, што з’яўляюцца працягам вытв-сці ў сферы абарачэння.
т. 4, с. 327
ВЫТВО́РЧА-ТЭХНІ́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
сістэма планамернай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, навучання сумяшчальным і новым прафесіям, павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых на прадпрыемствах. Уключае таксама вытв. практыку навучэнцаў тэхнікумаў, прафес.-тэхн. вучылішчаў, студэнтаў ВНУ. Ажыццяўляецца шляхам курсавога і індывід. навучання. На 1996 у Беларусі дзейнічала каля 200 галіновых вучэбна-курсавых камбінатаў, у якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў больш чым па 400 прафесіях. За год яны рыхтавалі каля 150 тыс. рабочых, з іх каля 20 тыс. набывалі новыя прафесіі. Прадпрыемствы таксама ажыццяўляюць перакваліфікацыю незанятага насельніцтва.
А.М.Гарнак.
т. 4, с. 327
ВЫТВО́РЧЫЯ АДНО́СІНЫ,
сістэма рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт; сац.-эканам. форма развіцця прадукц. сіл; неад’емны бок любога спосабу вытв-сці. Асновай вытворчых адносін з’яўляюцца формы ўласнасці на сродкі вытв-сці, якія характарызуюць адпаведны гіст. спосаб прысваення людзьмі ствараемых даброт, злучэння вытворцаў са сродкамі вытв-сці. Вядучай і вызначальнай ступенню з’яўляецца ўласна вытв-сць. Вытворчыя адносіны праяўляюцца як эканам. інтарэсы ўсіх удзельнікаў, суб’ектаў грамадскай вытв-сці, як галоўны стымул развіцця вытв-сці, прадукц. сіл і прадукцыйнасці працы. У працэсе грамадскай вытворчасці вытворчыя адносіны відазмяняюцца, удасканальваюцца. Кожная сістэма вытворчых адносін мае гіст. характар. На змену аджылай сістэме прыходзіць новая, якая параджаецца папярэдняй. Кожны цыкл вытворчых адносін абумоўлены развіццём прадукц. сіл і абвастрэннем супярэчнасцей паміж імі і вытворчымі адносінамі, у сістэме якіх узнікаюць пераходныя формы, спалучаюцца папярэднія, аджываючыя і новыя, што нараджаюцца (напр., у прыгонных адносінах спалучаюцца паншчына і аброк, адработачная рэнта і рэнта прадуктамі і нават грашовая рэнта; акцыянерны капітал і манапалістычны капітал ва ўмовах капіталізму ўтвараюць пераходныя да сацыялізму эканам. формы). Новыя вытворчыя адносіны, як правіла, адпавядаюць прыродзе больш развітых прадукцыйных сіл. Сукупнасць вытворчых адносін складае эканам. базіс грамадства, які спараджае адпаведную надбудову — маральныя, навук., прававыя, маст. погляды і адпаведныя ім установы, што садзейнічаюць развіццю і ўмацаванню эканам. базісу. Вытворчыя адносіны — аб’ект эканам. палітыкі грамадства, якое праз дзярж. ўладу ўздзейнічае на вытв-сць, больш-менш адэкватна выкарыстоўвае тэарэт. палажэнні паліт. эканоміі, пераводзячы іх на мову сац.-паліт. дзеяння мас, народа.
С.Я.Янчанка.
т. 4, с. 327
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд. руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд. руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд. руб., у фактычных цэнах.
т. 4, с. 327
ВЫТВО́РЧЫ ЦЫКЛ,
час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Р.М.Шахлевіч.
т. 4, с. 327
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
т. 4, с. 327
ВЫХАВА́ННЕ,
дзейнасць па перадачы новым пакаленням грамадска-гіст. вопыту; фарміраванне пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, стварэнне неабходных умоў для паўнацэннага развіцця асобы, падрыхтоўкі яе да грамадскага жыцця і прадукцыйнай працы. Арганізацыя выхавання накіроўвае развіццё суб’ектыўнага свету чалавека, садзейнічае свядомаму прыняццю ім грамадскіх каштоўнасцей, дазваляе арыентаваць пед. практыку на фарміраванне ў выхаванцаў самастойнасці, адказнасці, прынцыповасці, пачуцця ўласнай годнасці, творчай актыўнасці, крытычнага мыслення. Пры гэтым важна адзінства грамадскага і сямейнага выхавання, што дазваляе карэкціраваць адхіленні ў развіцці і паводзінах асобы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне).
Літ.:
Харламов И.Ф. Теория нравственного воспитания. Мн., 1972;
Чэчат В.У. Педагогіка сямейнага выхавання. Мн., 1995.
С.У.Кукушкін.
т. 4, с. 327
ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ (ВПК),
папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.
т. 4, с. 328
ВЫХАДНА́Я ДАПАМО́ГА,
грашовая сума, якая выплачваецца наймальнікам работніку пры спыненні з ім прац. дагавору. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь выхадная дапамога ў памеры тыднёвага заработку выплачваецца ў сувязі з прызывам або паступленнем работнікаў на ваен. службу, пры аднаўленні работніка на рабоце і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Пры спыненні прац. дагавору ў сувязі з ліквідацыяй прадпрыемства, установы, арг-цыі, спыненнем дзейнасці прадпрымальніка, скарачэннем штату выплачваецца выхадная дапамога ў памеры, не меншым за трохкратны сярэднямесячны заработак.
т. 4, с. 328