Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДА́ЛЬНЯЕ ЛЯ́ДА,

дзве стаянкі каменнага веку каля в. Дальняе Ляда Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Даследаваны ў 1972, 1973 і 1988. На адной стаянцы знойдзены кароткія скрабкі, нуклеусы, пласціны, адшчэпы, расшчэплены крэмень. На другой выяўлены рабочыя месцы па апрацоўцы крэменю, прылады для апрацоўкі косці, скуры і дрэва, паляўнічыя прылады (наканечнікі стрэл, нажы). Былі сезоннымі стаянкамі-майстэрнямі пач. апрацоўкі крамянёвай сыравіны, адносіцца да грэнскай культуры ранняга мезаліту.

В.​Ф.​Капыцін.

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч

(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),

расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера).

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬТАН, Долтан (Dalton) Джон (6.9.1766, Іглсфілд, каля г. Уэркінгтан, Вялікабрытанія — 27.7.1844), англійскі хімік і фізік, стваральнік хім. атамістыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1822). Адукацыю атрымаў самастойна. У 1781—93 выкладаў матэматыку ў школе ў Кендалі, з 1793 — фізіку і матэматыку ў Новым каледжы ў Манчэстэры. Адкрыў кратных адносін закон (1803), газавыя законы, названыя яго імем (гл. Дальтана законы). Прапанаваў і абгрунтаваў тэорыю атамнай будовы. ці хім. атамістыку, якая тлумачыла эмпірычны закон пастаянства саставу. Аўтар працы «Новая сістэма хімічнай філасофіі» (т. 1—2, 1808—27). Апісаў дэфект зроку, што атрымаў назву дальтанізм.

Літ.:

Крицман В.А. Роберт Бойль, Джон Дальтон, Амедео Авогадро. Создатели атомно-молекулярного учения в химии. М., 1976.

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,

1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.

2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.

т. 6, с. 22

ДАЛЬТАНІ́ЗМ,

прыроджанае расстройства каляровага зроку. Апісаны англ. фізікам Дж.Дальтанам у 1794. Бывае ў 8% мужчын і 0,5% жанчын; звязаны з адсутнасцю ці недастатковым функцыянаваннем аднаго з трох кампанентаў каляровага зроку. Распазнаюць Д. з дапамогай спец. (поліхраматычных) табліц і спектральных прылад (анамаласкопаў). Людзей з Д. не дапускаюць працаваць на транспарце, у авіяцыі і інш. (яны адрозніваюць у спектры толькі 2 колеры — жоўты і сіні).

т. 6, с. 23

ДА́ЛЬТАН-ПЛАН (Dalton-Plan),

сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы ў школе, засн. на прынцыпе індывідуальнага навучання. Узнікла ў пач. 20 ст. Аўтар Д.-п. — Е.​Паркхерст. Упершыню выкарыстаны ў г. Долтан (штат Масачусетс, ЗША, адсюль назва). Пры арганізацыі работы паводле Д.-п. вучням давалася свабода ў выбары заняткаў і выкарыстанні свайго рабочага часу. Д.-п. дазваляў суаднесці тэмп навучання з магчымасцямі вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, вымушаў шукаць рацыянальныя метады работы, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў. У 1920-я г. ў сав. школе рабіліся спробы мадыфікацыі Д.-п. (форма брыгадна-лабараторнага метаду). Элементы Д.-п. захаваліся ў практыцы некаторых школ ЗША.

т. 6, с. 23

ДАЛЬЧЫ́НА (Dolcino; ? — 1.6.1307),

кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.

Літ.:

Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

т. 6, с. 23

ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр. Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),

польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр. Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Знахарь. Мн., 1993;

Профессор Вильчур. Мн., 1994.

Літ.:

Ермалёнак В.А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. Мн., 1995. С. 167—168.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 6, с. 23

ДАЛЯЖА́ЛЬ (Мікалай Антонавіч) (27.10.1899, с. Амельнік Запарожскай вобл., Украіна),

расійскі вучоны-энергетык. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1935 гал. інжынер з-даў «Бальшавік» (Кіеў), «Уралхіммаш», з 1942 дырэктар НДІ хім. машынабудавання (Масква), з 1953 гал. канструктар-дырэктар Ін-та энергатэхнікі, саветнік. Гал. канструктар рэактара першай у свеце атамнай электрастанцыі (г. Обнінск, Расія). Навук. працы па інж. і навук. праблемах цеплаэнергетыкі, выкарыстання ядз. энергіі ў энергетыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949, 1952, 1953, 1970, 1976.

Тв.:

Основы проектирования паросиловых установок. М.; Л., 1933;

Канальный ядерный энергетический реактор. М., 1980 (разам з І.​Я.​Емяльянавым);

У истоков рукотворного мира: Зап. конструктора. М., 1989.

М.А.Даляжаль.

т. 6, с. 23

ДАЛЯ́НЬ,

рус. Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн. ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд. канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.

Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч. тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.

т. 6, с. 23