СЛА́ЎСКІ ((Slawski) Францішак) (н. 13.5.1916, г. Капычынцы Гусяцінскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),
польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН (з 1969), Польскай АН у Кракаве (з 1989). Д-р філал. н. (1948). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1938), з 1956 праф. у ім. З 1969 дырэктар Ін-та слав. філалогіі Ягелонскага ун-та. Даследаванні ў галіне паўд.-слав. філалогіі (балгарыстыкі), праслав мовы. Аўтар «Граматыкі балгарскай мовы» (1953), «Этымалагічнага слоўніка польскай мовы» (т. 1—25, 1952—82, выданне працягваецца), аўтар і гал. рэдактар «Праславянскага слоўніка» (т. 1—7, 1974—95, выданне працягваецца).
Літ.:
Современные зарубежные лингвисты: Биобиблиогр. справ. Ч. 3. М., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 510
СЛАШЧО́Ў (Якаў Аляксандравіч) (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),
расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.І.Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.І.Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.М.Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.Булгакава «Бег».
Тв.:
Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.
т. 14, с. 510
СЛАЯВІ́НА, талом,
вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.
т. 14, с. 510