СЛАЯВІ́НА, талом,
вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)