ХВАРО́БА чалавека,
парушэнне жыццядзейнасці, выкліканае неадпаведнасцю ахоўных уласцівасцей арганізма празмернаму ўплыву фактараў навакольнага асяроддзя (мех., фіз., хім., біял., псіхагенных). Характарызуецца спалучэннем паталаг. і ахоўна-прыстасавальных, кампенсаторных (узнаўляльных) рэакцый арганізма, баланс якіх пры Х. зменьваецца. Падзяляюцца на інфекц. і неінфекц., псіхічныя, саматычныя, жан., дзіцячыя, Х. старасці, сэрца, печані, нырак і інш. Паводле формы развіцця і цячэння адрозніваюць Х. вастрэйшыя (маланкавыя), вострыя, падвострыя, хранічныя (характэрна хвалепадобнасць цячэння).
Вылучаюць 4 перыяды Х.: латэнтны перыяд, прадрамальны перыяд, перыяд развіцця і зыход (заканчэнне). Зыход вядзе да выздараўлення поўнага або няпоўнага, рэцыдыву, пераходу вострай формы ў хранічную, ускладнення ці смерці. Многія няцяжкія Х. аказваюць станоўчы ўплыў на арганізм, рыхтуюць яго да эфектыўнай аховы ад розных патагенных фактараў. Сусв. арг-цыя аховы здароўя распрацавала Міжнар. стат. класіфікацыю Х., траўмаў і прычын смерці (21 клас станаў). Пра асобныя Х. чалавека гл. адпаведныя арт., а таксама Малекулярныя хваробы, Сацыяльныя хваробы, Спадчынныя хваробы.
Літ.:
Общая патология человека: Руководство для врачей. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Петленко В.П. Основные методологические проблемы теории медицины. Л., 1982;
Теория и практика медицины: Сб. науч. тр. Вып. 1. Мн., 1999.
І.М.Семяненя, А.М.Шадко.
т. 16, с. 571