ХВАЛЯЛО́М, брэкватэр,

гідратэхнічнае збудаванне для аховы берагоў вадаёмаў і прыбярэжных збудаванняў ад уздзеяння хваль. Энергія затрыманых хваль гасіцца на Х. або адбіваецца ад яго. Адрозніваюць загараджальныя (абкружаныя воднай прасторай) і берагаахоўныя (размешчаныя непасрэдна каля берага, гл. Берагаўмацавальныя збудаванні, Мол). Бываюць суцэльныя (верт. ці адкоснага профілю з бетону, каменнай накідкі і інш.), скразныя (з адтулінамі для пропуску вады), плывучыя (пантоны, замацаваныя якарам), пнеўматычныя (энергія хваль гасіцца струменем сціснутага паветра), гідраўл. (ствараюць сустрэчны паверхневы паток). Будуюцца ў акваторыі порта і рэйдавых прычалаў, падыходаў да каналаў і шлюзаў, берагавых участкаў мора, вадасховішча і інш.

Хваляломы загараджальныя: 1 — вертыкальнага і 2 — адкоснага профіляў; 3 — плывучы.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)