СВЯТАВІ́Т, Свентавіт, Светавіт,
язычніцкае божаства ў зах.-славянскай міфалогіі. Ушаноўваўся таксама як бог вайны і дастатку. Увасабляўся ў выглядзе чатырохгаловага ці чатырохтварага ідала. Атрыбуты С. — белы конь, меч і коп’і. У г. Аркон на в-ве Руген (Германія) знаходзіўся культавы цэнтр С. — чатырохслуповы храм-свяцілішча (разбураны ў 1168).
т. 14, с. 273
СВЯТАГО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры 16—19 ст. у г.п. Пушкінскія Горы Пскоўскай вобл. (Расія). Засн. ў 1569 як мужчынскі. Размяшчаецца на Святых (б. Сінічых) гарах. Ансамбль манастыра абнесены пабеленымі каменнымі сценамі і Анастасіеўскай і Святой брамамі. На вяршыні ўзгорка — мураваны 4-стаўповы 3-апсідны 1-купальны Успенскі сабор (16 ст.) з традыц. рысамі Пскоўскай школы дойлідства. У ветразевых скляпеннях і верхняй ч. праслаў сабора ўстаноўлены галаснікі. У ансамблі С.м. званіца ў стылі класіцызму (скончана ў 1821; у яе верхнім ярусе размяшчаўся гадзіннік), брацкі корпус з трапезнай, гасцініца. На тэр. манастыра магіла А.С.Пушкіна і яго продкаў. Пасля 1918 у саборы была экспазіцыя, прысвечаная Пушкіну. У Вял. Айч. вайну манастыр моцна пашкоджаны. Адноўлены. З 1990-х г. храм дзейнічае. С.м. уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК-МІ́РСКІ (Пётр Дзмітрыевіч) (30.8.1857—29.5.1914),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1913). Ген.-ад’ютант (1904). З роду князёў Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). Скончыў Пажскі корпус (1875), Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1877—78. З 1895 пензенскі, з 1897 екацярынаслаўскі губернатар. У 1900—02 таварыш (намеснік) міністра ўнутр. спраў і камандуючы асобым корпусам жандараў. У 1902—04 віленскі, гродзенскі і ковенскі ген.-губернатар. Надаваў значэнне развіццю сярод беларусаў нац. самасвядомасці, увядзенню ў бел. каталіцкія парафіі набажэнства на роднай мове. Прызначаў беларусаў-католікаў на некат. чыноўніцкія пасады. Падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. У жн. 1904 прызначаны міністрам унутр. спраў. З мэтай аслаблення рэв. руху імкнуўся прыцягнуць на бок урада бурж.-ліберальную апазіцыю (дазволіў з’езды земскіх дзеячаў, правёў частковую амністыю паліт. зняволеным, аслабіў цэнзуру і інш.). У 1905 пасля студзеньскага расстрэлу рабочай дэманстрацыі (гл. «Крывавая нядзеля») С.-М. звольнены ў адстаўку.
А.М.Лукашэвіч.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі; гл. Святаполк Яраполчыч.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ (? — 19.4.1190),
князь тураўскі. Сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Упершыню ўпамінаецца ў 1156, калі князь Яраслаў Уладзіміравіч Асмамысл пасылаў С.Ю. да вял. кн. Юрыя Далгарукага прывесці ў Галіч зняволенага кн. Івана Расціславіча Бярладніка. Як князь тураўскі С.Ю. вядомы з 1162, калі хадзіў разам з інш. князямі выганяць са Слуцка Уладзіміра Мсціславіча. У 1168 С.Ю. удзельнічаў у вял. паходзе вял. кн. Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1170 дапамагаў выгнанаму з Кіева Мсціславу Ізяславічу вярнуць свой трон. С.Ю. пахаваны ў Кіеве ў Міхайлаўскім Залатаверхім саборы.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.
А.В.Іоў.
т. 14, с. 274
СВЯТА́Р,
сан 2-й (сярэдняй) ступені свяшчэнства ў праваслаўнай, каталіцкай і стараж.-ўсходніх цэрквах. Паводле царк. дагматыкі, С. мае дар божы Св. Духа, які дае яму магчымасць здзяйсняць царк. таінствы (акрамя таінства свяшчэнства), царк. службы і даваць вернікам божае блаславенне. Пасвячае ў С. епіскап. У правасл. царкве, дзе гэты тэрмін найб. пашыраны, С. таксама наз. іерэй, прэсвітэр, поп. Правасл. С. павінен быць абавязкова жанаты ці прыняць манаства (С.-манах наз. іераманах). Старшы С., звычайна кіраўнік ніжэйшай царк. акругі (благачыння) ці настаяцель сабора, мае ганаровае званне (протапрэсвітэр, пратапоп, у манастве — ігумен, архімандрыт). Каталіцкага С. ў Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне наз. ксёндз. Гл. таксама Духавенства.
т. 14, с. 274
СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),
вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял. кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. кн. Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл. Мсціслаўская бітва 1386).
А.А.Мяцельскі.
т. 14, с. 274