СВЯТАПО́ЛК-МІ́РСКІ (Пётр Дзмітрыевіч) (30.8.1857—29.5.1914),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1913). Ген.-ад’ютант (1904). З роду князёў Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). Скончыў Пажскі корпус (1875), Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1877—78. З 1895 пензенскі, з 1897 екацярынаслаўскі губернатар. У 1900—02 таварыш (намеснік) міністра ўнутр. спраў і камандуючы асобым корпусам жандараў. У 1902—04 віленскі, гродзенскі і ковенскі ген.-губернатар. Надаваў значэнне развіццю сярод беларусаў нац. самасвядомасці, увядзенню ў бел. каталіцкія парафіі набажэнства на роднай мове. Прызначаў беларусаў-католікаў на некат. чыноўніцкія пасады. Падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. У жн. 1904 прызначаны міністрам унутр. спраў. З мэтай аслаблення рэв. руху імкнуўся прыцягнуць на бок урада бурж.-ліберальную апазіцыю (дазволіў з’езды земскіх дзеячаў, правёў частковую амністыю паліт. зняволеным, аслабіў цэнзуру і інш.). У 1905 пасля студзеньскага расстрэлу рабочай дэманстрацыі (гл. «Крывавая нядзеля») С.-М. звольнены ў адстаўку.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)