Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland), дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс.км². Нас. 1083,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г.Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.
Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц.традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс.ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).
Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.
У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл.ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд.дол. (1998), па 4,2 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс.га, пад пашай каля 1,1 млн.га. Арашаецца каля 70 тыс.га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс.т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн.кВт∙гадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн.кВт∙гадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс.км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн.дол., імпарт — 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс.чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн.дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчана паміж вёскамі Свайгіні і Замэчак Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Тыповая форма ледавіковага рэльефу, озавая града даўж. 4 км, шыр. 100 м, выш. да 20 м, пл. 0,4 км², выцягнута з Пн на Пд. Складзена пераважна з пяску, жвіру, марэннага супеску і дробных валуноў. Утварылася каля 20—17 тыс.г. назад у выніку намнажэння флювіягляцыяльных адкладаў у вузкай шчыліне ледавіка.
шведскі спартсмен (лыжы). Чэмпіён XIV зімовых Алімп. гульняў 1984 (г. Сараева, Югаславія) у гонцы на 15 км і эстафеце 4 × 10 км, XV зімовых Алімп. гульняў 1988 (г. Калгары, Канада) у гонцы на 50 км і эстафеце 4 × 10 км. Прызёр Алімп. гульняў 1984 у гонцы на 50 км (серабро) і на 30 км (бронза). 7-разовы чэмпіён свету (1985—91).
камерцыйная аперацыя, якая спалучае наяўную куплю (продаж) з адначасовым заключэннем контрздзелкі на пэўны тэрмін. Існуе некалькі відаў аперацый С.: валютныя, працэнтныя, пазыковыя, з золатам і іх розныя спалучэнні.
праграмны паліт. лозунг нац.-вызв. руху Індыі 1-й пал. 20 ст. Дасягненне С. абвешчана ў 1906 канчатковай мэтай Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Памяркоўныя кангрэсісты разумелі яго як самакіраванне Індыі ў складзе Брыт. імперыі, радыкалы — як поўную незалежнасць краіны. Пункт гледжання апошніх быў ухвалены на сесіі ІНК у Лахоры (1929) у выглядзе лозунга «пурна С.» (поўнага С.), што было дасягнута ў выніку заваявання Індыяй незалежнасці ў 1947.
вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства Неба, нябеснага агню, бацька Сварожыча і Дажбога. Паводле стараж. міфа, злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза (у час яго ўладарства нібыта з неба на зямлю ўпалі клешчы і людзі пачалі каваць зброю). Яму прыпісваецца ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). Паступова С. страціў значэнне гал. божаства, ім стаў Дажбог, потым Пярун. З пашырэннем хрысціянства рысы С. як апекуна шлюбу нададзены Кузьме.
вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства зямнога агню, сын Сварога. Яму пакланяліся, да яго звярталіся з малітвай (найчасцей гэта рабілі каля ёўні). У час сушкі снапоў у ёўні спальвалі неабмалочаны сноп жыта як ахвяру С. Прымхлівыя людзі лічылі, што С. можа адвесці бяду. З пашырэннем хрысціянства імя С. паступова знікла, але сляды культу захоўваліся да канца 19 ст.