СВА́ЗІЛЕНД (свазі Swatini, англ. Swaziland),

Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland), дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс. км². Нас. 1083,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г. Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).

Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.

Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц. традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс. ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).

Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.

У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл. ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.

Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд. дол. (1998), па 4,2 тыс. дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс. га, пад пашай каля 1,1 млн. га. Арашаецца каля 70 тыс. га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс. т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн. кВтгадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн. кВтгадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс. км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн. дол., імпарт — 1,2 млрд. дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн. гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс. чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн. дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Свазіленда.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)