Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ВАЕ ПА́ШКАВА,

вёска ў Магілёўскім р-не, каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. Цэнтр Пашкаўскага с/с і калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Магілёў 2-і. 622 ж., 183 двары (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 11, с. 358

НО́ВАЕ СЯЛО́,

вёска ў Крынкаўскім с/с Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. Засн. ў 1963. Цэнтр саўгаса. За 14 км на З ад г.п. Лёзна, 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Выдрэя. 283 ж., 110 двароў (2000). Сярэдняя школа, б-ка.

т. 11, с. 358

НО́ВАЕ СЯЛО́,

вёска ў Валосаўскім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. Цэнтр калгаса. За 8 км на ПнЗ ад горада i 11 км ад чыг. ст. Талачын, 133 км ад Віцебска. 113 ж., 46 двароў (2000). Клуб, б-ка.

т. 11, с. 358

НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за ​3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т.л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга Пд Паўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.

А.М.Петрыкаў.

Птушкі Новазеландскай біягеаграфічнай вобласці: 1 — ківі; 2 — такахе; 3 — папугай савіны; 4 — медасос-туй; 5 — гуя (а — самец, б — самка); 6 — зеленагруды пладаедны голуб.

т. 11, с. 359

НОВАІЕРУСАЛІ́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Васкрасенскі манастыр,

архітэктурны комплекс 17 ст. ў г. Істра Маскоўскай вобл. Засн. ў 1656 патрыярхам Ніканам як падмаскоўная рэзідэнцыя патрыярха. У 17 ст. буйны культ. цэнтр. У ансамблі манастыра: Васкрасенскі сабор (1656—85, пабудаваны паводле плана храма Саламона ў Іерусаліме; у аздабленні сабора шырока выкарыстаны паліхромная кафля бел. майстроў І.Максімава, С.Палубеса, П.Заборскага, рэльефная разьба па дрэве К.Міхайлава і інш.), скіт Нікана (1658). трапезныя і бальнічныя палаты (1686), цэрквы Раства Хрыстова і Трохсвяціцельская, палац царэўны Таццяны Міхайлаўны. брацкія карпусы (усе 1686—98). каменная агароджа з шатровымі вежамі і «Святая брама» з надбрамнай царквой (1690—97, дойлід Я.Бухвостаў) і інш. У 1918 манастыр закрыты. З 1935 — Маскоўскі абл. краязнаўчы музей. У 1941 комплекс разрабаваны і спалены ням.-фаш. захопнікамі. На яго тэрыторыі створаны гіст.-маст. музей. Знаходзіцца на рэстаўрацыі (2000).

т. 11, с. 359

НО́ВАК ((Novák) Вітазслаў) (5.12.1870, Каменіцы, Чэхія — 18.7.1949),

чэхаславацкі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. муз. педагогікі. Нар. арт. Чэхаславакіі (1945). У 1889—96 вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (у А.Дворжака і інш.), з 1908 выкладаў у ёй (у 1909—39 праф., у 1919—22 дырэктар). Для яго музыкі характэрны апора на чэш., славацкі і мараўскі фальклор, строгая канструктыўная логіка, часам уплыў імпрэсіянізму. Сярод твораў: оперы «Звікоўскі дамавік» (1915), «Карлштэйн» (1916), «Ліхтар» (1923; паст. ўсе ў Празе), «Завяшчанне дзеда» (паст. 1926), балеты-пантамімы «Сіньёрына маладосць» і «Нікаціна» (абодва паст. 1930); кантаты; 2 сімфоніі (1934, 1943), сімф. паэмы, уверцюры, сюіты і інш. для арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., рамансы, хары на нар. тэксты, песні, апрацоўкі нар. песень (7 сшыткаў) і інш. Аўтар кн. «Пра сябе і іншых» (т. 1—2, 1940—70).

Літ.:

Бэлза Й. В.Новак. М., 1957.

Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра. Фота да 1941.

т. 11, с. 359

НО́ВАК (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 20.5.1939, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і жывапісе. Сярод твораў: сграфіта «Вучоныя» ў будынку ўлікова-крэдытнага тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1983), «Навука» на будынку школы № 6 (1970), вітражы «Спорт» у Акадэміі фіз. выхавання і спорту (1995), «Прырода» ў Акадэміі паслядыпломнага навучання (1999; усе ў Мінску) і інш.; жывапісныя серыі «Парусны спорт», «Футбалісты», «Хакеісты», «Гімнасткі», «Стары парк» (усе 1980-я г.), «Кітайскія студэнты» (1999), партрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі (2000), спартсменаў, а таксама пейзажы. Творам характэрны абагульненасць форм, экспрэсіўнасць малюнка, дынамізм кампазіцыі і кантрастна-колеравага спалучэння.

Г.А.Фатыхава.

т. 11, с. 359

НОВАКУЗНЕ́ЦК,

горад у Кемераўскай вобл., на р. Том, у Расіі. Засн. ў 1617. У 1932—61 наз. Сталінск. 583 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Кузнецкі, Зах.-Сібірскі металургічныя камбінаты, з-ды ферасплаваў, алюмініевы. жалезабетонных вырабаў, хім.-фармацэўтычнае ВА. Машынабудаванне, металаапр., лёгкая, харч. прам-сць. Здабыча каменнага вугалю. На тэр. горада 12 шахтаў і 3 вугальныя разрэзы. 2 ВНУ, 2 тэатры, 4 музеі, у т.л. краязнаўчы, выяўл. мастацтва.

т. 11, с. 359

НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),

Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.

т. 11, с. 360

НОВАЛУКО́МЛЬ,

горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс. ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).

Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс. ж. у 1970.

У цэнтры Новалукомля.

т. 11, с. 360