Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кромер Герберт

т. 18, кн. 1, с. 411

КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

КРОН (сапр. Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч

(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990—91;

Пьесы и статьи о театре. М., 1980.

С.Ф.Кузьміна.

т. 8, с. 476

КРО́НА,

надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.

т. 8, с. 476

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, a K. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

КРО́НВАЛДС, Кронвальд (Kronvalds) Аціс (15.4.1837, Курземе каля г. Ліепая, Латвія — 17.2.1875), латышскі грамадскі дзеяч, педагог, мовазнавец. Скончыў пед. курсы пры Тартускім ун-це (1867), быў вольным слухачом Берлінскага ун-та (1859). Удзельнік руху младалатышоў. Выступаў супраць палітыкі анямечвання латышоў, за вызваленне лат. мовы ад германізмаў, пашырэнне сеткі лат. нар. школ. Зрабіў значны ўклад у развіццё лат. мовы. Аўтар кн. «Нацыянальныя імкненні» (1872 на ням., 1887 на лат. мовах).

т. 8, с. 476

КРО́НЕКЕР ((Kronecker) Леапольд) (7.12.1823, г. Лягніца, Польшча — 29.12.1891),

нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872). Скончыў Берлінскі ун-т (1845), дзе і працаваў з 1861 (з 1883 праф.). Навук. працы па алгебры і тэорыях лікаў, груп, квадратычных форм і эліптычных функцый. Быў прыхільнікам «арыфметызацыі» матэматыкі, якая, на яго думку, павінна быць зведзена да арыфметыкі цэлых лікаў. Удасканаліў тэхніку лічэння. Увёў сімвал, які носіць яго імя (гл. Кронекера сімвал).

т. 8, с. 476

КРО́НЕКЕРА СІ́МВАЛ,

функцыя σnm двух целалікавых аргументаў n і m, якая вызначаецца ўмовай σnm=1. пры n=m, σnm=0 пры n≠m. Уведзены Л. Кронекерам (1866). Выкарыстоўваецца ў матрычным і тэнзарным злічэнні.

т. 8, с. 476

КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),

англійскі пісьменнік. Д-р мед. н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейиарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр. кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.

Тв.:

Рус. пер. — Замок Броуди. Мн., 1990;

Цитадель;

Вычеркнутый из жизни. М., 1991.

Е.А.Лявонава.

т. 8, с. 476

КРО́НІН ((Cronin) Джэймс Уотсан) (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац. АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В. Фітчам).

М.М.Касцюковіч.

Дж.Кронін.

т. 8, с. 476