ЗЯМНЫ́Я ТО́КІ,
тэлурычныя токі, электрычныя токі, якія цякуць у зямной кары. Іх існаванне звязана з варыяцыямі магнітнага поля Зямлі, з эл. полем атмасферы, электрахім. і тэрмаэлектрычнымі працэсамі ў горных пародах. З.т. індукцыйнага паходжання маюць рэгіянальны і глабальны характар, іншыя больш лакальныя. Напружанасць эл. поля З.т. дасягае найб. велічынь на выхадах крышт. фундамента зямной кары, у вобласці авала палярных ззянняў, а таксама ў момант магнітных бур. З.т. выкарыстоўваюць пры вымярэнні скорасці марскіх цячэнняў, кароткаперыядычных ваганняў геамагнітнага поля, пры разведцы карысных выкапняў і глыбінным даследаванні верхняй мантыі.
т. 7, с. 133
ЗЯМНЫ́ МАГНЕТЫ́ЗМ, геамагнетызм,
1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.
2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.
т. 7, с. 133
ЗЯМЧА́ТКА, Зенчанка, Малюшыца,
рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёўда (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 61 км2. Пачынаецца каля в. Міратычы, на ўсх. схілах Навагрудскага ўзв. На працягу 6,2 км ад вусця каналізаваная.
т. 7, с. 133
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 7, с. 133