Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЯЛЁНЫ БОР,

рабочы пасёлак у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. За 37 км на У ад г. Смалявічы, 73 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Жодзіна, 5 км ад аўтамагістралі Брэст—Масква. 1,6 тыс. ж. (1997). Працуюць з-д па перапрацоўцы торфу, сумеснае бел.-брыт. прадпрыемства «Белаторф». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 7, с. 126

ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.

Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.

Зялёны дзяцел.

т. 7, с. 126

ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,

сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.

т. 7, с. 126

ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,

жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.

Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.

т. 7, с. 126

«ЗЯЛЁНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні школьнікаў-юннатаў (атрады), якія ствараюцца з мэтай аховы зялёных насаджэнняў, выхавання беражлівых адносін да прыроды, прапаганды ведаў і ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў па зялёным будаўніцтве; адна з форм дзіцячага руху за ахову прыроды. На Беларусі дзейнічаюць з 1961 на базе школ. Першы «З.п.» на базе школьнага лясніцтва створаны ў 1967 пры Караваціцкай сярэдняй школе Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Дзейнічае каля 200 школьных лясніцтваў і атрадаў «З.п.» (1997).

т. 7, с. 127

ЗЯЛІ́НСКІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (6.2.1861, г. Ціраспаль, Малдова — 31.7.1953),

расійскі сав. хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў вучэння аб арган. каталізе. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1924), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Новарасійскі ун-т (1884, Адэса) і працаваў там з 1888. Удасканальваў адукацыю ў Германіі (1884—88). З 1893 праф. Маскоўскага ун-та (акрамя 1911—17), адначасова (з 1935) у Ін-це арган. хіміі АН СССР, які зараз носіць яго імя. Навук. працы па хіміі вуглевадародаў нафты, арган. каталізе, хіміі бялку і амінакіслот. Атрымаў шэраг гамолагаў тыяфену (1887), цыклапентану і цыклагексану (1895—1900). Адкрыў метад сінтэзу α-амінакіслот з альдэгідаў ці кетонаў (рэакцыя З.—Стаднікава, 1906), з’явы дэгідрагенізацыйнага і неабарачальнага каталізу (1910—11). Стварыў вугальны процівагаз (1915). Распрацаваў метады абяссервання бензінаў і газы, ажыццявіў працэсы каталітычнай і пірагенетычнай араматызацыі нафты. Першы ў СССР пачаў работы па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.С.Казловым). Прэмія імя У.І.Леніна (1934). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.

Тв.:

Избр. труды. М., 1968.

Літ.:

Зелинский А.Н. Академик Н Д.Зелинский. М., 1981;

Нилов Е. Зелинский. М., 1964.

М.Дз.Зялінскі.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЬДО́ВІЧ (Якаў Барысавіч) (8.3.1914, Мінск — 2.12.1987),

савецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў навук. школы фізіка-хім. працэсаў гарэння, дэтанацыі і ўдарных хваль. Акад. АН СССР (1958). Тройчы Герой Сац. працы (1949, 1953, 1956). З 1931 у ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. хіміі, тэорыі гарэння, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і рэлятывісцкай касмалогіі. Стварыў фіз. асновы ўнутр. балістыкі ракетных парахавых рухавікоў, развіў сучасную тэорыю дэтанацыі. Разам з Ю.Б.Харытонам выканаў разлік ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення урану (1939). Распрацаваў тэорыю апошніх стадый эвалюцыі зорак і зоркавых сістэм з улікам эфектаў тэорыі адноснасці. Аўтар навучальных дапаможнікаў і даведнікаў па фізіцы і матэматыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1953. На радзіме помнік.

Тв.:

Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966 (разам з Ю.П.Райзерам);

Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971 (разам з І Дз.Новікавым);

Строение и эволюция Вселенной. М., 1975 (з ім жа).

Літ.:

Герштейн С.С. и др. Я.Б.Зельдович // Успехи физ. наук. 1974. Т. 112. Вып. З.

Я.Б.Зяльдовіч.

т. 7, с. 128