Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРАГО́Й, Дрэгой (Dragoi, Drăgoi) Сабін (18.6.1894, г. Сэліштэ, Румынія — 31.12.1968), румынскі кампазітар, фалькларыст. Засл. дз. маст. Румыніі (1953). Чл.-кар. Акадэміі Румыніі (1953). Вучыўся ў Клужскай (1919—20), удасканальваўся ў Пражскай (1920—22) кансерваторыях. Праф. кансерваторый у Тымішаары (1924—42 і 1946—50, у 1925—43 таксама дырэктар) і Бухарэсце (1950—52). Дырэктар Опернага т-ра ў Тымішаары (1940—47), Ін-та фальклору ў Бухарэсце (1950—64). У творчасці апіраўся на рум. сял. песні. Сярод твораў: оперы «Напасць» (паст. 1928), «Пэкалэ» (паст. 1962); араторыі, кантаты; «Сельскі дывертысмент» для стр. аркестра (1928), канцэрт для фп. з аркестрам (1941); хар. творы, музыка да кінафільмаў. Відны даследчык рум. фальклору (запісаў каля 3000 нар. мелодый). Аўтар апрацовак нар. мелодый для фп. і голасу з фп., зборнікаў нар. песень (калядкі, дойны), артыкулаў. Дзярж. прэміі Румыніі 1950, 1952.

т. 6, с. 192

ДРАГУ́Н (Уладзімір Леанідавіч) (н. 21.9.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1996). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Навук. працы па бескантактнай дыягностыцы цеплавых працэсаў і з’яў у капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных сістэмах, біяаб’ектах (для мэт мед. дыягностыкі). Распрацаваў прынцыпы і навук.-тэхн. асновы выліч. тэрмаграфіі.

Тв.:

В мире тепла. Мн., 1991 (разам з С.У.Коневым);

Вычислительная термография: Применение в медицине. Мн., 1992 (разам з С.А.Філатавым).

т. 6, с. 192

ДРАГУ́Н (Фёдар Міхайлавіч) (н. 21.12.1962, Мінск),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1989). Працуе ў БПА з 1994. Асн. творы: вітражы ў бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў Мінску (1990—91), у зале Нар. адраджэння ў Горацкай гімназіі (1993), у Рэсп. медыка-генетычным цэнтры («Сонца на зямлі», 1994), у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1995), у Доме культуры г. Івацэвічы (1995). Сярод жывапісных твораў «Купальская ноч» (1992), «Поле ўдоў» (1993), «Дзікая ягада» і «Зорка Венера» (абодва 1994), «Летуценні» (1996) і інш.

А.Б.Александровіч.

Ф.Драгун. Зорка Венера. 1994.

т. 6, с. 192

ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),

від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі ​1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;

Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.

Да арт. Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.

т. 6, с. 193

ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.

Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).

М.В.Грыц.

т. 6, с. 193

ДРА́ЖНА,

вёска ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 130 км ад Мінска, 459 ж., 216 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 193

ДРАЖНІ́ЛКІ,

кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.

т. 6, с. 193

Дражын Уладзімір Несцеравіч

т. 18, кн. 1, с. 381

ДРАЖЭ́ (франц. dragée),

1) дробныя круглыя цукеркі з гладкай бліскучай паверхняй, часам з начынкай.

2) Пашыраная форма дазіравання вітамінаў, лекаў.

т. 6, с. 193

ДРАЗАФІ́ЛЫ (Drosophila),

род насякомых сям. пладовых мушак атр. двухкрылых. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, больш шматлікія ў тропіках і субтропіках (напр., на Гавайскіх а-вах больш за 300 відаў). Трапляюцца на кветках, часта на дрэвавых соках, вінных і фруктовых з-дах, у памяшканнях для агародніны і садавіны. Найб. вядомая Д. звычайная, або пладовая мушка (D. melanogaster). На Беларусі каля 30 відаў.

Даўж. да 3,5 мм. Цела стракатае, галава жоўтая, вочы чырвоныя. Жывяцца сокам раслін, прадуктамі гніення агародніны і садавіны. Лёгка разводзяцца ў лабараторных умовах, аб’ект генет. даследаванняў.

Дразафіла звычайная.

т. 6, с. 193