род насякомых сям. пладовых мушак атр. двухкрылых. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, больш шматлікія ў тропіках і субтропіках (напр., на Гавайскіх а-вах больш за 300 відаў). Трапляюцца на кветках, часта на дрэвавых соках, вінных і фруктовых з-дах, у памяшканнях для агародніны і садавіны. Найб. вядомая Д. звычайная, або пладовая мушка (D. melanogaster). На Беларусі каля 30 відаў.
Даўж. да 3,5 мм. Цела стракатае, галава жоўтая, вочы чырвоныя. Жывяцца сокам раслін, прадуктамі гніення агародніны і садавіны. Лёгка разводзяцца ў лабараторных умовах, аб’ект генет. даследаванняў.