Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖОС

(Jos),

плато ў Зах. Афрыцы, паміж рэкамі Нігер і Бенуэ, у цэнтр. ч.

Нігерыі. Сярэднія выш. 1200—1400 м, найб. 1735 м (г. Шарэ). Паверхня слабахвалістая; ізалявана ўзвышаюцца гранітныя пікі, плоскавяршынныя ўзгоркі і конусы патухлых вулканаў. Складзена з дакембрыйскіх гнейсаў, сланцаў, кварцытаў, даламітаў, магматытаў, гранітаў. Клімат экватарыяльны мусонны; ападкаў больш за 1500 мм за год. Расліннасць — другасная высакатраўная саванна. Горна-рудны раён Нігерыі. Агульныя запасы волава 280 тыс. т. Буйнейшыя ў свеце радовішчы ніобію. Распрацоўваюцца танталавыя радовішчы.

т. 6, с. 91

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ

[Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уеэд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

ДЖОЎЛЬ (Joule) Джэймс Прэскат

(24.12.1818, г. Солфард, Вялікабрытанія — 11.10.1889),

англійскі фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1850). Навук. працы па эл.-магнетызме, цеплавых з’явах і кінетычнай тэорыі газаў. Адкрыў з’яву магн. насычэння (1840); устанавіў залежнасць колькасці цеплыні, што выдзяляецца ў правадніку пры працяканні праз яго эл. току, ад сілы току і супраціўлення правадніка (1841; гл. Джоўля—Ленца закон). Вызначыў мех. эквівалент цеплыні і даў тым самым эксперыментальны доказ захавання энергіі (1843). Разам з У.Томсанам адкрыў з’яву змянення т-ры газаў пры іх працяканні праз сітаватую перагародку (1853—54; гл. Джоўля—Томсана эфект). Яго імем названа адзінка энергіі і работы — джоўль.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.

Дж.Джоўль.

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЬ,

адзінка энергіі, работы і колькасці цеплыні ў СІ. Абазначаецца Дж. Названа ў гонар Дж.Джоўля. 1 Дж = 1Н∙1м = 10​7 эрг = 0,2388 кал = 6,25∙10​18 эВ.

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ ЗАКО́Н,

закон тэрмадынамікі, паводле якога ўнутр. энергія ідэальнага газу вызначаецца яго тэмпературай і не залежыць ад аб’ёму. Устаноўлены эксперыментальна Дж.П.Джоўлем у 1845. Вынікае з малекулярна-кінетычнай тэорыі ідэальнага газу. Адхіленні Дж.з. для рэальных газаў вызначаюцца энергіяй міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл. Джоўля—Томсана эфект).

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,

змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл. Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.

т. 6, с. 92

Джоўнс Томас

т. 18, кн. 1, с. 378