Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс. га) і Гродзенскай (20 тыс. га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).

т. 5, с. 296

ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,

асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НІШЧА,

курганны могільнік крывічоў (канец 9 — пач. 11 ст.) каля в. Глінішча Полацкага р-на Віцебскай вобл. 60 паўсферычных курганоў, з іх даследавана 20. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам, у адным кургане — трупапалажэнне галавой на З. Знойдзены ляпныя гаршкі, характэрныя для доўгіх курганоў Полаччыны і Смаленшчыны, шкляныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, скроневае кольца з серпападобнымі канцамі, нажы, серп і інш.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НІШЧА,

вёска ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад горада і 30 км ад чыг. ст. Хойнікі, 133 км ад Гомеля. 630 ж., 258 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Дом-музей І.П.Мележа.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НКА,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Столін—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад Століна, 231 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Гарынь. 1480 ж., 507 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Каля вёскі радовішча тугаплаўкіх глін Глінка.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НКА,

радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 1,8 км на ПдУ ад в. Глінка. Пластавы паклад утвораны азёрнымі адкладамі неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і цёмна-шэрыя, дысперсныя, пластычныя, тугаплаўкія, з лінзамі вогнетрывалых глін. Разведаныя запасы 4,8 млн. т, перспектыўныя 443 тыс. т. Карысная тоўшча магутнасцю 0,8—9,8, ускрыша 0,2—4,2 м.

А.​Шчураў.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НКА (Канстанцін Дзмітрыевіч) (5.7.1867, с. Копцева Смаленскай вобл., Расія — 2.11.1927),

расійскі глебазнавец, адзін з заснавальнікаў айч. глебазнаўства. Акад. АН СССР (1927). Вучань і супрацоўнік В.В.Дакучаева. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1889). У 1908—14 кіраваў глебава-геагр. экспедыцыямі Перасяленчага ўпраўлення ў Сібіры на Д. Усходзе, у Казахстане і Сярэдняй Азіі. Працы па занальнасці глебавага покрыва, генезісе і класіфікацыі глеб. Склаў першую глебавую карту свету (1926). Арганізатар і першы дырэктар Глебавага ін-та імя Дакучаева.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),

рускі кампазітар. Заснавальнік рус. муз. класікі. Паходзіў са стараж. бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.​Філда і Ш.​Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.​Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк. рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.​Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.​Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус. нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп. нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац. муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж. муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус. муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.

Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.

Літ.:

Асафьев Б. М.​И.​Глинка. Л., 1978;

Канн-Новикова Е. М.​И.​Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;

Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;

Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;

Стасов В.В. Избранные статьи о М.​И.​Глинке. М., 1955;

Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;

Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;

Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;

Левашева О.Е. М.​И.​Глинка. Кн. 1—2. М., 1987—88.

Т.​А.​Дубкова.

М.І.Глінка. Малюнак невядомага мастака. 1843.

т. 5, с. 296

ГЛІ́НКА ((Glinka) Станіслаў) (н. 6.12.1914, в. Янкі Млодэ Астралэнцкага ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1957). Скончыў Варшаўскі ун-т (1950). У 1957—84 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (з 1972 заг. аддзела бел. мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел. і польск. дыялекталогія, мова бел. фальклору. Сааўтар і рэдактар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—3, 1980—93), прысвечанага фанетыцы і марфалогіі гэтых гаворак.

Тв.:

O gęzyku białoruskich pieśni ludowych // Federowski M. Lud białoruski. Warszawa, 1969. Т. 7.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 5, с. 297

ГЛІ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),

расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш. Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).

Літ.:

Вяземский П.А. С.​Н.​Глинка. СПб., 1847;

Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч. М., 1986. Т. 2.

т. 5, с. 297