Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫКАНА́ЎЧЫ ЛІСТ,

у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД судовы дакумент, які выдаецца спаганяльніку пасля ўступлення ў законную сілу рашэння, прыгавору і інш. судовых пастаноў па цывільных і крымін. справах у частцы маёмасных спагнанняў, рашэнняў арбітражу, гасп. судоў і некаторых інш. органаў.

т. 4, с. 310

ВЫКАНА́ЎЧЫ МЕХАНІ́ЗМ,

1) механізм, які непасрэдна выконвае зададзеную тэхнал. аперацыю. Прадвызначае мэтавае прызначэнне рабочай машыны.

2) Прыстасаванне аўтам. сістэмы рэгулявання, якое ажыццяўляе ў адпаведнасці з пададзенымі на яго ўваход сігналамі мех. ўздзеянне на аб’ект рэгулявання. Звычайна складаецца з рухавіка, перадачы (механічнай, гідраўлічнай, пнеўматычнай, электрычнай), элементаў кіравання, кантролю, сігналізацыі, блакіроўкі і адваротнай сувязі. Паводле віду энергіі, якая выкарыстоўваецца, адрозніваюць выканаўчыя механізмы гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрычныя і камбінаваныя.

т. 4, с. 310

ВЫКАНА́ЎЧЫ НА́ДПІС,

у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД распараджэнне натарыяльнага органа аб спагнанні з даўжніка на карысць спаганяльніка грашовай сумы ці аб выпатрабаванні маёмасці, зробленае на дакуменце, які пацвярджае пэўнае абавязацельства. У населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, выканаўчы надпіс робяць выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў. Выканаўчы надпіс з’яўляецца падставай для прымусовага выканання.

т. 4, с. 310

ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,

цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.

т. 4, с. 310

ВЫКАПНЁВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, пахаваныя пад пародамі, генетычна не звязанымі з іх утварэннем. Трапляюцца ў тоўшчы розных кантынентальных адкладаў, сведчаць аб перапынках у асадканамнажэнні. Даюць матэрыял для пазнання і раскрыцця накіраванасці сучасных геамарфал. і глебаўтваральных працэсаў, вывучэння фактараў антрапагеннага ўздзеяння на глебы ў галацэне. У грунтах вылучаюцца афарбоўкай парод, мінералагічным складам, прысутнасцю арган. рэчыва.

На Беларусі выкапнёвыя глебы знойдзены ў антрапагенавых адкладах у керне шматлікіх свідравін, агаленнях яроў і па далінах рэк. Найбольш даследаваны ў межах Навагрудскага ўзвышша, ва ўрочышчы Цялячы роў каля г. Мсціслаў, на берагах рэк Дняпро, Віхра, у кар’ерах цагельных заводаў каля Мінска.

т. 4, с. 310

ВЫКАПНЁВЫ КОНЬ,

гл. ў арт Конскія.

т. 4, с. 310

ВЫКАПНЁВЫ ЛЁД,

гл. ў арт. Падземны лёд.

т. 4, с. 310

ВЫ́КІДЫШ,

гл. ў арт. Аборт.

т. 4, с. 310

ВЫКЛІ́ЧНІК,

часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.Купала).

У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Л.І.Бурак.

т. 4, с. 310

ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК электрычны, апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.

Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш. Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).

У.М.Сацута.

т. 4, с. 310