Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАТАСТРО́ФА экалагічная,

поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.

Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн. г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн. г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн. г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.

На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.

Э.Р.Самусенка.

т. 8, с. 174

КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,

1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К. т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).

2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.

Літ.:

Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;

Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;

Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.

В.А.Вадап’янаў.

т. 8, с. 173

КАТАФАРО́З (ад грэч. kataphora скіданне),

устарэлая назва электрафарэзу.

т. 8, с. 174

КАТА́Х,

простае бакакветнае (батрычнае) коласападобнае суквецце з тоўстай мясістай воссю, на якой шчыльна размешчаны сядзячыя (без кветаножак) кветкі. Звычайна абкружаны ярка афарбаваным ці белым падсукветным лісцем (пакрывалам) для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Характэрны для трапічнага сям. ароідных (ва ўмераным поясе капытнік, аер). У побыце К. наз. суплоддзе кукурузы.

т. 8, с. 174

КАТАХРЭ́ЗА (ад грэч. katachrēsis злоўжыванне),

спалучэнне несумяшчальных у сваім асн. значэнні слоў, паняццяў, выразаў, якое стварае своеасаблівае сэнсавае адзінства. Пашырана ў гутарковай мове, найб. у фразеалагізмах: «языком малоць», «зубы на сонцы грэць», «ветрам падшыты» і інш. Вядома ў бел. вусна-паэт. творчасці. У л-ры ўзбагачае маст. выразнасць тропаў, надае ім эфект эмацыянальнай нечаканасці і навізны. Гл. таксама Аксімаран.

т. 8, с. 174

КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),

заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).

т. 8, с. 174

КАТАШО́К,

бакакветнае (батрычнае), коласападобнае паніклае суквецце. Складаецца з вял. колькасці аднаполых кветак і ападае цалкам пасля цвіцення (тычынкавы К.) ці паспявання пладоў (песцікавы К.). Да К. адносяцца суквецці бярозы, вярбы, таполі, мужчынскія суквецці алешніку, дуба, грэцкага арэха, каштана і інш. драўнінных ветраапыляльных раслін. У вярбы, таполі К. — просты колас, у алешніку, бярозы і інш. — колас з дыхазіяў (складанае суквецце).

т. 8, с. 174

КА́ТКА,

вёска ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Глуск—Акцябрскі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. п. Глуск, 192 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Акцябрскі. 629 ж., 222 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 174

КА́ТКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі партызанскіх атрадаў М.П.Бумажкова, А.П.Пакуша, У.Ц.Шантыра, Р.І.Краўца, М.Б.Храпко супраць ням.-фаш. захопнікаў у Глускім і Акцябрскім р-нах у жн. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыя праведзена паводле рашэння штаба партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. з мэтай разграміць варожы гарнізон у в. Катка, які прыкрываў дарогу на Глуск, рабаваў і знішчаў жыхароў суседніх вёсак. Кіраваў аперацыяй нам. камандзіра партыз. злучэння М.П.Канстанцінаў. 9 жн. 300 варожых салдат з 2 гарматамі выйшлі з в. Катка ў в. Харомцы; раніцай 10 жн. атрады Бумажкова, Пакуша, Краўца і Шантыра раптоўным ударам выбілі праціўніка з в. Харомцы. Потым разам з атрадам Храпко пераправіліся цераз р. Пціч і ў баях з 19 да 22 жн. разбілі гарнізоны ў в. Халопенічы, Слабодка, Бярозаўка, авалодалі в. Катка. Вёску Харомцы партызаны ўтрымлівалі да снеж. 1943.

т. 8, с. 174

КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл. гл. да арт. Васковы жывапіс.

т. 8, с. 174