Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРАБО́К,

шматфункцыянальная прылада працы з аббітага каменю, найчасцей з крэменю, для апрацоўкі скуры, рогу, косці і дрэва. Вядомы з эпохі палеаліту, выкарыстоўваўся і ў эпоху бронзы. С. адрозніваліся формай загатоўкі, арыентацыяй рабочага ляза (на пласціне, адшчэпе, сколе і г.д.), а таксама другаснай апрацоўкай (рэтушшу). На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Бердыжы і Юравічах.

т. 14, с. 470

СКРАЗНА́Я ДАЛІ́НА, даліна прарыву,

вузкія і глыбокія ўчасткі рачных далін, якія праразаюць горныя хрыбты (на ўсю шырыню) або ўзвышшы. Узнікаюць пры гораўтварэнні або падняцці ўчастка зямной паверхні, у які рака ўразаецца ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі, а таксама ў выніку прарыву вады з прыледавіковых азёр праз найб. нізкае месца ўзвышша.

т. 14, с. 470

СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:

Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.​Купала. «А зязюлька кукавала...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 470

СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),

адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач. н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн. від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпы цесакоў і корды.

Літ.:

Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 14, с. 470

СКРА́НТАН (Scranton),

горад на ПнУ ЗША, штат Пенсільванія. Засн. ў 1788. 74,7 тыс. ж., з г. Уілкс-Барэ і агульнымі прыгарадамі каля 800 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: вытв-сць прамысл. абсталявання, боепрыпасаў, мед. інструментаў; радыёэлектронная, паліграф., тэкст., швейная, харчовая. 2 ун-ты.

т. 14, с. 470

СКРО́БАВА-ГАРАДЗІ́ШЧАНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

гл. ў арт. Баранавіцкая аперацыя 1916.

т. 14, с. 470

СКРО́НЕВЫЯ КО́ЛЬЦЫ,

жаночыя ўпрыгожанні з. каляровых металаў (радзей з серабра), якія насілі каля скроняў. С.к. падтрымлівалі прычоску, іх упляталі ў валасы па некалькі штук з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка; магчыма, у некат. выпадках мацавалі ў мочцы вуха.

Паявіліся ў бронзавым веку. Лічыліся спецыфічным упрыгожаннем зах. славян 8—9 ст. У сярэдневякоўі былі пашыраны ў Візантыі і Зах. Еўропе. Ва ўсх. славян С.к. набылі асаблівую папулярнасць у 11—12 ст.; былі ўпрыгожаннем сялянак і гараджанак. На Беларусі самыя стараж. С.к. належалі сярэднедняпроўскай культуры, у жал. веку — мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры, штрыхаванай керамікі культуры. С.к. класіфікуюць паводле знешняга выгляду і тэхналагічных адзнак. Вылучаюць драцяныя, пацеркавыя, шчытковыя, прамянёвыя і блізкія да іх лопасцевыя. Прынята лічыць, што С.к. нясуць этнавызначальныя функцыі, што дае магчымасць удакладніць карту рассялення плямён (гл. ў арт. Вяцічы, Дрыгавічы, Крывічы, Радзімічы).

Літ.:

Левашова В.П. Височные кольца // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. М., 1967.

Скроневыя кольцы з курганнага могільніка Каласы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 11—12 ст.

т. 14, с. 470

СКРУ́БЕР (англ. scrubber ад scrub скрэбці, чысціць),

1) апарат, у якім прамысл. газы ачышчаюцца ад цвёрдых або газападобных прымесей шляхам прамывання вадкасцю. Бываюць з фарсункамі для распылення вадкасці, з насадкамі (керамічнымі кольцамі) і з вярчальнымі лапаткамі для перамешвання газаў з вадкасцю. З дапамогай С. улоўліваюць прадукты каксавання, робяць ачыстку газаў ад пылу (пылаўлоўліванне, газаачыстку), выдаленне з іх попелу і інш. 2) Машына барабаннага тыпу для прамыўкі карысных выкапняў вадой з мэтай ачысткі ад гліністых і інш. дамешкаў. Бываюць праматочныя, у якіх вада і матэрыял, што прамываецца, рухаюцца ў адным напрамку, і проціточныя, дзе яны перамяшчаюцца ў сустрэчных напрамках. Гл. таксама Абсорбер.

Схема скрубера: 1 — газаход; 2 — камера змешвання; 3 — прыёмны патрубак газу; 4 — фарсунка (распыляльнік вадкасці); 5 — трубаправод вадкасці; 6 — камера ачышчанага газу; 7 — помпа.

т. 14, с. 471

СКРУ́ПУЛ (лац. scrupulum ад scrupulus маленькі востры каменьчык) аптэкарскі, 1) брытанская адзінка масы ў фармакалогіі. 1 С. = 20 гранам = ​1/3 драхмы = 1,295 98 г (гл. Гран, Драхма, Аптэкарская вага).

2) Рус. адзінка масы, якая выкарыстоўвалася да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. 1 С. = 1,244 г.

т. 14, с. 471

СКРЫ́БАЎЦЫ,

вёска ў Мажэйкаўскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.; чыг. ст. на лініі Масты—Ліда. Цэнтр эксперым. базы «Усход». За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна. 660 ж., 250 двароў (2001). Філіял Шчучынскага збожжапрыёмнага прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 471