Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭМАНСТРА́ЦЫЯ (ад лац. demonstratio паказванне),

1) шэсце, мітынг і інш. формы выказвання грамадскіх настрояў.

2) Наглядны спосаб азнаямлення з якой-н. з’явай, прадметам.

3) Дзеянне, якое падкрэслена выказвае пэўныя пачуцці або пратэст, непрыязнасць, варожасць і інш.

т. 6, с. 347

ДЭМАНСТРА́ЦЫЯ ў біялогіі, 1) стэрэатыпныя акты паводзін жывёл, якія адыгрываюць ролю розных сігналаў у іх узаемаадносінах. Набор характэрных рухаў цела, поз і гукаў, што выкарыстоўваюцца асобінамі дадзенага віду ў якасці сігналаў пагрозы, прымірэння, прывітання, запрашэння да спароўвання і інш., зрэдку вылучаецца ў асобную катэгорыю дэманстрацыйных паводзін. Д. вывучае эталогія. 2) Яркая афарбоўка жывёл, якая робіць іх прыкметнымі на фоне навакольнага асяроддзя; адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі і формы (мімікрыя). Садзейнічае поспеху ў барацьбе за існаванне — выжыванню і ўзнаўленню. Д. мае вял. біял. значэнне ва ўзаемаадносінах жывёл у біяцэнозах.

т. 6, с. 347

ДЭМАРКАЦЫ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ,

1) лінія (паласа), якая размяжоўвае ваюючыя бакі на час перамір’я (лінія спынення агню).

2) Лінія, якая падзяляе на зоны тэрыторыю пераможанай дзяржавы.

3) Лінія (паласа), якая ўстанаўліваецца часова на тэрыторыі, што аспрэчваецца суседнімі дзяржавамі, да вырашэння пытання аб пастаяннай граніцы.

т. 6, с. 347

ДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

вызначэнне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці шляхам устанаўлення пагранічных знакаў на падставе дакументаў аб дэлімітацыі граніц. Ажыццяўляецца змешанымі камісіямі, якія ствараюцца дагаворнымі бакамі на парытэтных пачатках.

т. 6, с. 347

ДЭМА́РШ (франц. demarche літар. выступленне),

пратэст, просьба або перасцярога па якім-н. пытанні, заява ўрада ці ведамства замежных спраў адной дзяржавы іншай дзяржаве. Можа быць выказаны ў ноце, мемарандуме і інш.

т. 6, с. 348

ДЭ́МАС (ад грэч. demos народ),

у Стараж. Грэцыі назва насельніцтва вобласці (ці самой вобласці), а таксама супольнасць паўнапраўных грамадзян у адрозненне ад рабоў, метэкаў, перыэкаў і інш. У гамераўскую (11—9 ст. да н.э.) і архаічную (8—6 ст. да н.э.) эпохі Д. называлі нар. масы ў адрозненне ад радавой арыстакратыі — эўпатрыдаў, у 6—5 ст. да н.э. разам з сял. насельніцтвам — частку гар. (рамеснікі, гандляры), з канца 5—4 ст. — бедную (пераважна гар.) частку насельніцтва.

т. 6, с. 348

ДЭМАСФЕ́Н (Demosthenes; каля 384, п-аў Атыка, Грэцыя — 12.10.322 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і прафес. прамоўца. Выступаў супраць захопніцкай палітыкі Македоніі і яе цара Філіпа II («філіпікі»), пасля чаго стаў прызнаным лідэрам Афін (341). Дамогся стварэння антымакед. кааліцыі стараж.-грэч. полісаў. У 330 да н.э. ўзнаг. афінянамі ганаровым залатым вянком. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323) зноў заклікаў да барацьбы супраць Македоніі. У выніку паражэння антымакед. кааліцыі ў Ламійскай вайне (323—322 да н.э.), ратуючыся ад праследавання, скончыў самагубствам. Захаваліся тэксты каля 60 прамоў, якія прыпісваюцца Д.

Тв.:

Рус. пер. — Речи. Т. 1—3. М., 1994—96.

Дэмасфен. Мармуровая копія старажытнагрэчаскай бронзавай статуі.

т. 6, с. 348

ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст. н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж. грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.​Ф.​Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Дэматычнае пісьмо.

т. 6, с. 348

ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.​В.​Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.

В.​В.​Швед.

т. 6, с. 348

ДЭМБІ́НСКІ (Генрык) (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1962.

Літ.:

Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;

Kraków, 1988.

т. 6, с. 348