ДЭМАНСТРА́ЦЫЯ ў біялогіі, 1) стэрэатыпныя акты паводзін жывёл, якія адыгрываюць ролю розных сігналаў у іх узаемаадносінах. Набор характэрных рухаў цела, поз і гукаў, што выкарыстоўваюцца асобінамі дадзенага віду ў якасці сігналаў пагрозы, прымірэння, прывітання, запрашэння да спароўвання і інш., зрэдку вылучаецца ў асобную катэгорыю дэманстрацыйных паводзін. Д. вывучае эталогія. 2) Яркая афарбоўка жывёл, якая робіць іх прыкметнымі на фоне навакольнага асяроддзя; адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі і формы (мімікрыя). Садзейнічае поспеху ў барацьбе за існаванне — выжыванню і ўзнаўленню. Д. мае вял. біял. значэнне ва ўзаемаадносінах жывёл у біяцэнозах.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)