ВУЯ́ЧЫЧ Святлана Сямёнаўна
(н. 2.4.1937, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Нар. арт. Беларусі (1977). З 1952 у Дзярж. нар. хоры БССР. У 1960—83 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі.
Выконвала сола ў многіх пастаноўках калектыву («На Купалле», «Вянок беларускіх танцаў», «Беларуская рапсодыя», «Гусі-лебедзі», «Беларускае вяселле» і інш.). Яе выкананне вылучалася пластычнасцю, эмацыянальнасцю.
т. 4, с. 298
ВЦВК,
гл. Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт.
т. 4, с. 298
ВЧК,
гл. Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і бандытызмам.
т. 4, с. 298
ВШІНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст. аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.
А.А.Ярашэвіч.
т. 4, с. 241
ВШТУНІ́ Азат
(сапр. Маміканян Азат Сетавіч; 17.7.1894, г. Ван, Турцыя — 26.3.1958),
армянскі паэт. Вучыўся ў Стамбуле, у 1911—14 слухач літ.-філас. ф-та Сарбоны. З 1914 жыў у Тбілісі, потым у Ерэване. У творах Вштуні драматызм падзей 1-й сусв. вайны (кн. нарысаў «З дзённіка добраахвотніка», 1915), асуджэнне варварскай палітыкі знішчэння арм. народа (зб. вершаў «Струны майго сэрца», 1915), працоўны энтузіязм, праблемы перабудовы вёскі (зб. «Новы Усход», 1923; «Вершы і паэмы», 1936, «Сачыненні», 1956), падзеі Вял. Айч. вайны (зб. «Каханне і нянавісць», 1946). У яго творах актуальнасць тэматыкі, новае асэнсаванне ўсх. паэт. вобразаў, муз. гучанне верша. Пісаў для дзяцей.
т. 4, с. 298
ВШЧЫЖ,
старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.
т. 4, с. 298
ВЫ́БАРГ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Ленінградскай вобл. Засн. ў 1293. 80,3 тыс. ж. (1994). Порт на Фінскім заліве.
Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (рыбаапрацоўчае абсталяванне, суднабудаванне, электраінструмент), лёгкая, харч. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Кліматычны курорт. Цэнтр міжнар. турызму. Краязнаўчы музей.
т. 4, с. 298
ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял. Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.
т. 4, с. 298
ВЫ́БАРНАЎ Валянцін Іванавіч
(н. 21.4.1926, г. Уладзімір, Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1963), праф. (1978). Скончыў Маскоўскі эканам. ін-т (1951). У 1963—95 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па эканам. эфектыўнасці капітальных укладанняў у прам-сць і ў рэканструкцыю прадпрыемстваў. Аўтар падручнікаў па эканоміцы для ВНУ.
Тв.:
Экономическая эффективность капитальных вложений в промышленности. Мн., 1977;
Экономика, организация и планирование промышленного производства. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);
Экономика предприятия в условиях рынка. Мн., 1993 (у сааўт.).
т. 4, с. 299
ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).
Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 299