Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),

дзяржава ў цэнтр. ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г. Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.

т. 8, с. 158

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛА-МА́НЧА (Castilla-La Mancha),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц.г. Таледа. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд. ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал. с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т. л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.

т. 8, с. 158

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛЕО́Н (Castilla-Leon),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 94,2 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Авіла, Бургас, Леон, Паленсія, Саламанка, Сеговія, Сорыя, Вальядалід, Самора. Адм. ц.г. Вальядалід. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Саламанка, Бургас, Леон. Займае паўн.-зах. ч. пласкагор’я Месета (выш. 800—1200 м). На ўскраінах Іберыйскія, Кантабрыйскія і Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. р. — Дуэра. Пераважае расліннасць сухіх стэпаў. У гарах участкі лясоў з хвоі, дубу, каштану, хмызнякі, лугі. Найб. развіта арашальнае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, агародніну, тытунь. Садоўніцтва, вінаградарства, вырошчванне аліваў. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Здабыча каменнага вугалю, жал. і цынкавых руд. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), гарбарна-абутковая, металургічная, маш.-буд., металаапр., тэкст., хімічная. У г. Вальядаліду — выплаўка алюмінію і аўтамаб. з-д, вытв-сць угнаенняў. ГЭС на горных рэках. Каля г. Бургас АЭС. Турызм.

т. 8, с. 158

КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),

італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.

т. 8, с. 158

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 158

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.​Аколава, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, У.​Карызна, В.​Коўтун, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, Я.​Сіпакоў, Я.​Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 159

КАСТЭ́НКА (Наталля Якаўлеўна) (н. 20.2.1953, г. Туапсэ Краснадарскага краю, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1979, клас А.Абразцовай). З 1981 салістка Нац. акад., т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым голасам шырокага дыяпазону, выразнасцю вак. інтанацыі. Яе выкананню ўласцівы артыстычнасць, непасрэднасць, уменне перадаваць голасам танчэйшыя душэўныя зрухі. Сярод партый: Надзея («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), Маргарыта («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Антонія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Аіда, Джыльда, Віялета («Аіда», «Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Паміна («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Іаланта, Ліза («Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Выканала таксама монаоперу «Чалавечы голас» Ф.​Пуленка, партыі саліруючага сапрана ў рэквіемах Вердзі і Моцарта, ва «Урачыстай месе» Л.​Бетховена і інш.

Літ.:

Клімковіч С. Калі спявае Наталля Касценка // Театральный Минск. 1989. № 6.

Г.​Р.​Куляшова.

Н.Кастэнка ў ролі Аіды.

т. 8, с. 159

Кастэнка Валерый Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСТЭ́Р (Coster) Шарль дэ, гл. Дэ Кастэр Шарль.

т. 8, с. 159