Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКЛА́ДКІ горных парод,

структурныя формы зямной кары, утвораныя выгінамі пластоў горных парод без разрыву іх суцэльнасці. Часцей трапляюцца групамі з чаргаваннем дадатных (антыкліналі) і адмоўных (сінкліналі) выгінаў. Маюць элементы: крылы, ядро, замок, восевую паверхню, вось, шарнір, вугал; дадаткова ў антыкліналях — скляпенне, грэбень, перыкліналь; у сінкліналях — мульду, кіль, цэнтрыкліналь. У залежнасці ад механізму геал. працэсаў ці месца ўтварэння вылучаюць генетычныя тыпы С.: глыбінныя (магматагенныя і метамарфагенныя С.); паверхні фундамента і адлюстраваныя С. яго чахла (унаследаваныя, надразломныя, прыразломныя, міжразломныя); покрыўныя асадкавага чахла, звязаныя з рухамі фундамента (нагнятання, дыяпіравыя, валачэння, гравітацыйныя); паверхневыя (экзагенныя) — С. асадкавага аблягання, ушчыльнення, разбухання, выпірання, асядання, апаўзання, гляцыяльныя. Паводле дынамічнага стану геал. асяроддзя вылучаюць дынамічныя тыпы С.: тангенцыяльнага (гарызантальнага) сціскання і тангенцыяльнага расцяжэння. У залежнасці ад механізму ўтварэння паверхневых С. вылучаюць іх кінематычныя тыпы: глыбавыя, або штампавыя (не дыяпіравыя перарывістыя і скрыневыя), нагнятання (дыяпіравыя купалы і антыкліналі, грэбенепадобныя і агульнага змінання). Адрозненне параметраў (формы, будовы, распасцірання восі, нахілу восевай паверхні і г.д.), незалежна ад паходжання, вызначае разнастайнасць марфалагічных тыпаў С.: паводле нахілу восевай паверхні — прамыя, нахіленыя, абернутыя, ляжачыя, перавернутыя; паводле формы замка і кірунку падзення крылаў — вуглаватыя, плаўныя, кілепадобныя, грэбенепадобныя, веерападобныя, каробчатыя; паводле вугла С. — вострыя, тупыя, закрытыя, адкрытыя; паводле даўжыні і шырыні — лінейныя, брахіантыкліналі, брахісінкліналі і купалы (мульды), паводле памераў і складанасці будовы — мегантыкліналі і мегасінкліналі, антыклінорыі і сінклінорыі, мегантыклінорыі і мегасінклінорыі і інш.

І.​В.​Клімовіч.

Складкі горных парод: 1 — антыклінальная. 2 — сінклінальная; 3 — асіметрычная; 4 — нахіленая; 5 — ляжачая; 6 — веерападобная; 7 — ізаклінальная; Я — ядро складкі; К — крыло складкі: 3 — замок складкі.

т. 14, с. 461

СКЛАДО́ВАЕ ПІСЬМО́,

тып пісьма, у якім паасобныя склады абазначаюцца графічнымі знакамі.

Развілося са стараж. сістэм пісьма на аснове фонаідэаграфіі (японскае С.п. кана), а таксама алфавітнага пісьма кансанантнага тыпу (пісьмо брахмі ў Індыі; кожны знак адпавядае адкрытаму складу з пэўным зычным, але форма знака крыху зменьваецца ў залежнасці ад таго, які галосны ў складзе). У знакі С.п. ператварыліся ідэаграмы, якія напачатку абазначалі аднаскладовыя словы. С.п. пашырана ў Індыі, Эфіопіі, М’янме, Тайландзе, Камбоджы, Карэі, Японіі.

Літ.:

Гл. да арт. Пісьмо.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 461

СКЛАДО́ЎСКАЯ-КЮРЫ́ ((Skłodowska-Curie) Марыя) (7.11.1867, Варшава — 4.7.1934),

фізік і хімік, адзін са стваральнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1907), ганаровы чл. АН СССР (1926). Па паходжанні полька, з 1891 у Францыі. Маці І.​Жаліо-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1894), дзе і працавала (з 1906 заг. кафедры). З 1914 заг. фізіка-хім. аддзела Ін-та радыю ў Парыжы. Навук. працы па радыеактыўнасці і яе выкарыстанні. Выявіла радыеактыўнасць торыю, з мужам П.​Кюры адкрыла хім. элементы палоній і радый (1898), даследавала ўласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення, увяла тэрмін «радыеактыўнасць». Разам з франц. хімікам А.​Дэб’ернам атрымала металічны радый і даследавала яго ўласцівасці (1910). У гонар С.-К. і П. Кюры названы адзінка актыўнасці радыенуклідаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўскія прэміі па фізіцы 1903 (разам з П.​Кюры і А.​А.​Бекерэлем) і па хіміі 1911.

Тв.:

Рус. пер. — Радиоактивность. 2 изд. М., 1960.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963;

100 лет со дня рождения Марии Кюри. М., 1968;

Кюри Е. Мария Кюри: Пер. с фр. 4 изд. М., 1979.

М.Складоўская-Кюры.

т. 14, с. 461

СКЛАД ЗЛАЧЫ́НСТВА,

сукупнасць прадугледжаных крымінальным правам прыкмет, якія характарызуюць учыненае дзеянне як канкрэтны від злачынства; неабходная ўмова крымін. адказнасці. С.з. ствараюць 4 групы прыкмет, што адносяцца да аб’екта злачынства, аб’ектыўнага боку, суб’екта злачынства і суб’ектыўнага боку. С.з. вызначаны ў дыспазіцыях артыкулаў Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Агульныя для ўсіх С.з. прыкметы і палажэнні вызначаны таксама ў Агульнай частцы гэтага кодэкса. Аб’ект злачынства — на што накіравана пасяганне — вызначаецца месцам пэўнага артыкула ў сістэме Асаблівай часткі КК. Прыкметы суб’екта злачынства — узрост, з якога настае крымін. адказнасць, наяўнасць свядомасці — прадугледжаны ў артыкулах Агульнай часткі КК, спец. прыкметы суб’екта (службовая асоба, ваеннаслужачы і інш.) — у дыспазіцыі артыкула Асаблівай часткі КК. Прыкметы аб’ектыўнага боку злачынства — само дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі; суб’ектыўнага боку злачынства — форма віны, мэта, матыў — пазначаны ў дыспазіцыі артыкула, які прадугледжвае злачынства. Адсутнасць хоць бы адной з названых прыкмет сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях пэўнай асобы С.з. і выключае крымін. адказнасць.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 458

СКЛАНЕ́ННЕ,

1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.

2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз. парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.

С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.

3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.

Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

А.​І.​Наркевіч.

т. 14, с. 462

СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

СКЛЕ́РА (ад грэч. sclēros цвёрды, шчыльны),

вонкавая шчыльная злучальнатканкавая абалонка вока, якая выконвае апорную і ахоўную функцыі. Непразрыстая, укрывае заднюю ч. вочнага яблыка, пярэдняя ч. ўкрыта кан’юнктывай і пераходзіць у празрыстую рагавіцу.

У С. існуюць шматлікія каналы, па якіх праходзяць сасуды і нервы (эмісарыі). Знутры да С. прылягае сасудзістая абалонка. З суседнімі ч. вочнай упадзіны С. звязана рыхлай і багатай сасудамі тканкай, якая забяспечвае рухомасць вочнага яблыка. Пярэднюю белую ч. С., бачную паміж павекамі, наз. бялком вока.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 462

СКЛЕРАДЭРМІ́Я, дэрматасклероз,

пашкоджанне скуры, якое характарызуецца яе дыфузным або абмежаваным ушчыльненнем з далейшым развіццём фіброзу і атрафіі пашкоджаных участкаў.

Адрозніваюць ачаговую (пашкоджваецца толькі скура) і сістэмную С. (пашкоджваецца скура, слізістыя абалонкі, унутр. органы). Пры ачаговай С. вылучаюць 3 стадыі: ацёкавая эрытэма (пачырваненне скуры), склероз (скура шчыльная, колеру слановай косці) і атрафія са стратай валасоў. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 462

СКЛЕРАІ́ДЫ,

тое, што камяністыя клеткі.

т. 14, с. 462

СКЛЕРАНХІ́МА (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + enchyma налітае, тут тканка),

механічная тканка раслін, якая складаецца з таўстасценных клетак 2 тыпаў — валокны і камяністыя клеткі (склераіды). Валокны — моцна выцягнутыя празенхімныя клеткі даўж. ад некалькіх дзесятых міліметра да 4 см (рамі) з завужанымі канцамі, слаістымі порыстымі сценкамі і поравымі каналамі. Забяспечваюць трываласць органаў раслін на расцяжэнне, сцісканне, выгін. У многіх раслін валокны складаюць мех. абкладку праводных пучкоў. Неадраўнелыя валокны С. з цэлюлознымі сценкамі (напр., у джута, канапель, лёну) — сыравіна для тэкст. прам-сці.

т. 14, с. 462