СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)