Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЛЬВІ́Т

(ад лац. vulva покрыва + ...іт),

запаленне вульвы (вонкавых палавых органаў жанчыны). Першасны вульвіт бывае пры траўматычных пашкоджаннях покрыўнага эпітэлію вульвы, парушэннях абмену рэчываў (цукровы дыябет), неахайнасці жанчыны і інш. Другасны вульвіт абумоўлены вострымі і хранічнымі запаленчымі працэсамі вышэйляжачых органаў жанчыны. Праяўляецца свербам, смыленнем і болямі, ацёкам, пачырваненнем, іншы раз язвамі на вялікіх і малых палавых губах, пераддзвер’і похвы, клітары. Пры несвоечасовым лячэнні могуць узнікнуць ускладненні. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, часта — хірургічнае.

І.У.Дуда.

т. 4, с. 293

ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.

У.К.Лукашэвіч.

т. 4, с. 293

ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.

т. 4, с. 293

ВУЛЬГАРЫЗА́ЦЫЯ,

1) грубае спрашчэнне, апашленне, непрыстойнае выказванне (напр., вульгарны густ, вульгарны выраз; гл. Вульгарызм).

2) Празмерна спрошчанае выкладанне якога-небудзь вучэння, што скажае яго сутнасць і змест (напр., вульгарны матэрыялізм, вульгарны сацыялагізм і інш.).

т. 4, с. 294

ВУЛЬГАРЫ́ЗМ

(ад лац. vulgaris просты, звычайны),

слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.

Л.І.Бурак.

т. 4, с. 294

ВУ́ЛЬКА,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад г. Драгічын, 118 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Драгічын. 415 ж., 166 двароў (1996). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 294

ВУЛЬКА́НА

(Vulcano),

востраў у Тырэнскім м., у архіпелагу Ліпарскія астравы, у складзе Італіі. Пл. 21,2 км². Вяршыня падводнага дзеючага вулкана (выш. 499 м). Складзены з базальтаў, андэзітаў, трахітаў. Па Вулькана названы адзін з тыпаў вулканічных вывяржэнняў (гл. ў арт. Вулкан).

т. 4, с. 294

ВУ́ЛЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 39 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,51 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 24,5 м. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя; паўн. — тарфяністыя, пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Вакол возера прыродаахоўная зона. Праз возера працякае Агінскі канал.

т. 4, с. 294

ВУ́ЛЬКА-АБРО́ЎСКАЯ,

вёска ў Козіцкім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 166 км ад Брэста. 899 ж., 295 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква 19 ст.

т. 4, с. 294

ВУ́ЛЬКА 2-я,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПнУ ад г. Лунінец, 261 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Дзятлавічы. 1023 ж., 338 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 294