Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,

агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,

пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш. нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.​А.​Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР«Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл. гл. да арт. Касманаўтыка.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных касм. апаратаў і наземных тэхн. сродкаў для самаст. рашэння задач у космасе ці для забеспячэння рашэння такіх задач у складзе касм. сістэмы. Мае ракету-носьбіт, касм. апарат, тэхн. і стартавы комплексы, сродкі вымяральнага комплексу касмадрома, наземны комплекс кіравання касм. апаратамі.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ ПЫЛ,

сукупнасць часцінак кандэнсаванага рэчыва ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Складаецца з часцінак памерам каля 1 мкм з асяродкам з графіту або сілікату. У Галактыцы К.п. утварае згушчэнні — воблакі і глобулы, якія выклікаюць аслабленне святла, што выпраменьваецца зоркамі і інш. касм. целамі.

т. 8, с. 150

КАСМІ́ЧНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІК,

гл Ракетны рухавік.

т. 8, с. 150

КАСНІКІ́,

у беларусаў каляровыя стужкі, тасёмкі з разнаколерных шаўковай, баваўнянай тканін ці даматканай шарсцянкі, якія ўпляталі ў косы і ўпрыгожвалі дзявочую прычоску; часам К. ўквечвалі пярэстымі пучкамі часанай воўны (вясельны ўбор маладой Ляхавіцкага строю). Выйшлі з ужытку.

т. 8, с. 150

КАСО́ВІЧ (Каятан Андрэевіч) (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),

бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр. т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.​В.​Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.​Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел. нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).

Літ.:

Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.

т. 8, с. 150

КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),

расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г. хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).

Тв.:

Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.

т. 8, с. 150

КАСПА́РАЎ (Гары Кімавіч) (н. 13.4.1963, Баку),

расійскі спартсмен (шахматы). Міжнар. гросмайстар (1980), засл. майстар спорту СССР (1985). Скончыў Азерб. пед. ін-т замежных моў (1986). Чэмпіён свету (1980), СССР (1975—77) сярод юнакоў. Чэмпіён свету (1985—97), па версіі ПША (Прафес. Шахматная Асацыяцыя), СССР (1981, 1988), шахматных Алімпіяд (1980, 1982, 1986). Уладальнік Кубка свету (1989, г. Шэлефтэо, Швецыя), прыза «Шахматны Оскар» (1982—83, 1985—88, 1995—96). Пераможца міжнар. турніраў (1980, Баку; 1982, г. Бугойна і 1983, г. Нікшыч, Югаславія; 1986—87, Брусель; 1990, г. Тылбург, Нідэрланды). З 1986 прэзідэнт ПША, прэзідэнт дзіцячага клуба «Камп’ютэр».

Тв.:

Два матча. М., 1987;

Безлимитный поединок. 2 изд. М., 1990;

The child of change. London, 1987.

т. 8, с. 151

«КАСПА́С—САРСА́Т»,

спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.

т. 8, с. 151