КАСО́ВІЧ (Каятан Андрэевіч) (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),
бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр. т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.В.Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел. нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).
Літ.:
Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.
т. 8, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)