ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.Шлег, А.Бандарэнка), літургія (А.Залётнеў, С.Бельцюкоў), меса (А.Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.Мдывані, А.Сонін, В.Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.Равенскі, М.Шчаглоў, Э.Зубковіч і інш.).
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 462
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Н.Я.Бунцэвіч.
т. 3, с. 462
ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА , буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 462
ВАКАМЕ́РНАЯ ЗДЫ́МКА,
спрошчаны спосаб тапаграфічнай здымкі. Выконваецца на планшэце з дапамогай компаса, візірнай лінейкі і цыркуля. Праводзіцца для хуткага складання прыблізнага плана мясцовасці або маршруту. Для вакамернай здымкі планшэт устанаўліваюць і арыентуюць па компасе, лінейкай вызначаюць напрамкі на назіраемыя аб’екты і наносяць адпаведныя лініі, уздоўж якіх адкладваюць у маштабе прыблізныя адлегласці ад месца здымкі да таго або інш. аб’екта. Вакамерную здымку выкарыстоўваюць у экспедыцыйных умовах пры адсутнасці тапаграфічных картаў для адлюстравання падрабязнасцей будовы мясцовасці, а таксама пры складанні абрыса і пры рэкагнасцыраваных даследаваннях малаабжытых раёнаў.
А.В.Саломка.
т. 3, с. 462
ВАКА́НСІЯ
(франц. vacance ад лац. vacans які пустуе, свабодны),
свабодная (незамешчаная) службовая пасада.
т. 3, с. 463
ВАКА́НСІЯ ў фізіцы, дэфект крышталя, калі ў вузле крышталічнай рашоткі адсутнічае атам. Узнікае ў выніку цеплавых ваганняў атамаў, пры радыяцыйным апрамяненні, пластычнай дэфармацыі. Вакансіі абменьваюцца месцамі з суседнімі атамамі і хаатычна рухаюцца па крышталі. Рух вакансій — асн. прычына самадыфузіі (перамешвання атамаў у крышталях) і гетэрадыфузіі (узаемнай дыфузіі крышталёў, якія кантактуюць). Вакансіі могуць аб’ядноўвацца і ўтвараць складаныя дэфекты (ды- і трывакансіі, кластэры), а таксама спалучацца з дамешкамі і ўтвараць комплексы вакансій-дамешак. Наяўнасць вакансій істотна ўплывае на ўласцівасці крышталёў і фіз. працэсы (шчыльнасць, іонную праводнасць, унутр. трэнне, тэрмаапрацоўку, рэкрышталізацыю і інш.).
Літ.:
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981.
т. 3, с. 463
ВА́КАР
(Wakar) Алексы (17.1.1898, г. Самара, Расія — 25.8.1966),
польскі вучоны-эканаміст. У час ням.-фаш. акупацыі Польшчы (1939—45) удзельнічаў у нелегальнай дзейнасці Вышэйшай гандл. школы, з 1945 праф., з 1946 рэктар гэтай школы. У 1948—50 рэктар Акадэміі паліт. навук, з 1948 — праф. Вышэйшай школы планавання і статыстыкі. Пачаў навук. дзейнасць як прыхільнік Лазанскай школы ў палітэканоміі, якая імкнулася абгрунтаваць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы. У перадваенны перыяд даследаваў праблемы канкурэнцыі, цэн і знешняга гандлю, у пасляваенны — аптымальнага планавання і сістэмы кіравання сацыяліст. эканомікай.
т. 3, с. 463
ВА́КАР Сяргей Міхайлавіч
(н. 27.8.1928, г. Орша),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, У.Караткевіча, Я.Брыля, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.П.Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.Э.Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.М.Азіну ў Полацку, надмагілле П.Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.
Літ.:
Петэрсон Э.А. С.М.Вакар. Мн., 1980.
т. 3, с. 463