Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАСМАЧО́Ў (Канстанцін Міхайлавіч) (7.5.1911, в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.8.1992),

бел. жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). У 1948—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у гіст. жанры і пейзажы: «Першая зелень», «Бэзавы май», «Раўбічы ў кастрычніку», «На Вячы», «Вясна прыйшла», «Бацькоўскі дом. Мікуліна», «Мікулінскія ўзгоркі», «Белавежская пушча», «Верасень», «Рабіны» (усе 1966—76). Аўтар твораў, прысвечаных помнікам стараж. архітэктуры Беларусі («Нясвіж. Замак», «Мірскі замак», «Слуцкая брама», усе 1967; «Ускраіна Лагойска», 1968; «Белая вежа. Сакавік», 1974) і Расіі («Пскоў. Грымучая вежа», «Масква. Крэмль», «Загорск. Троіцкі сабор», усе 1968). Сярод графічных работ аўтапартрэт, партрэты маці (усе 1969), дзяўчыны (1981), Я.​Коласа (1983) і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Касмачоў К.М. Мн., 1970;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979.

К.Касмачоў. Белая вежа. Сакавік. 1974.

т. 8, с. 147

КАСМАЧЭ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Еленка (выцякае з возера), за 23 км на ПдЗ ад г. Талачын. Пл. 0,54 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, сплавінныя. Злучана ручаём з Сярэднім воз.

т. 8, с. 148

КАСМАЧЭ́ЎСКІ (Вячаслаў Віктаравіч) (15.2.1887, Ташкент — ?),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1941), праф. (1938). Скончыў Юр’еўскі ун-т (1914; г. Тарту). У 1934—50 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1955 у Ленінградскім сан.-гігіенічным ін-це. Навук. працы па патагенезе, клініцы, дыягностыцы, прафілактыцы інфекц. хвароб, праблемах алергіі.

Тв.:

Прырода інфекцыйных хвароб і мерапрыемствы па барацьбе з імі. Мн., 1952.

т. 8, с. 148

КАСМЕ́ТЫКА (ад грэч. kosmētikē майстэрства ўпрыгожваць),

комплекс гігіенічных, лячэбных і дэкар. мерапрыемстваў па падтрыманні прыгажосці цела чалавека ці ліквідацыі касметычных дэфектаў. Адрозніваюць К. ўрачэбную (кансерватыўную і хірург.) і дэкаратыўную.

Урачэбную кансерватыўную К. падзяляюць на прафілакт. (гігіенічную) і лячэбную.

Прызначэнне прафілакт. — барацьба з праявамі старэння арганізма (вяласць скуры, маршчыны). Выкарыстоўвае касметычныя сродкі (ваду, мыла, крэмы, ласьёны). Прызначэнне кансерватыўнай лячэбнай К. — знішчаць вугры, хлаазмы, лячыць ад выпадзення і тлустасці валасоў, празмернага іх росту, ачышчаць скуру твару. Ужывае фізіятэрапеўт. сродкі, вітамінныя і адбельвальныя маскі, масаж і інш. Хірург. К. аперацыйна выпраўляе набытыя або прыроджаныя дэфекты скуры, форму носа, вушэй, узроставыя заганы. Дэкаратыўная К. маскіруе недахопы скуры, валасоў, вейкаў, броваў з выкарыстаннем пудры, румян, крэмаў, фарбаў.

т. 8, с. 148

КАСМІ́НСКІ (Яўген Аляксеевіч) (2.11.1886, Варшава — 24.7.1959),

расійскі гісторык-медыявіст. Чл.-кар. (1939) і акад. (1946) АН СССР, правадз. чл. АПН РСФСР (1945), засл. дз. нав. РСФСР (1947), д-р гіст. н. (1936), праф. (1919). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). У 1912 выкладаў на Варшаўскіх жаночых курсах. З 1915 на навук.-пед. працы ў Маскве: у Маскоўскім ун-це (1915—31, 1934—49), Ін-це філасофіі, л-ры і гісторыі (1931—33), Ін-це гісторыі АН СССР (1936—52), Ін-це метадаў навучання АПН РСФСР (1944—48). Навук. працы па агр. гісторыі Англіі 11—15 ст., Англ. рэвалюцый 17 ст., гісторыі Візантыі і дыпламатыі, гістарыяграфіі сярэдневякоўя. Адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), падручнікаў па гісторыі сярэдневякоўя для ВНУ і сярэдніх школ.

т. 8, с. 148

Касмінскі Генадзь Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСМІ́ЧНАЕ ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,

сукупнасць даследаванняў Зямлі з космасу з дапамогай аэракасмічных метадаў і візуальных назіранняў. Уключае вывучэнне структуры і зменлівасці атмасферы, гідрасферы, літасферы, біясферы і праяўленні гасп. дзейнасці чалавека. Цесна звязана з касм. картаграфіяй, геалогіяй, акіяналогіяй, гідралогіяй і інш. Асн. мэта К.з. — пазнанне заканамернасцей геагр. абалонкі, вывучэнне прыродных рэсурсаў для іх аптымальнага выкарыстання, ахова навакольнага асяроддзя, забеспячэнне прагнозаў надвор’я і інш. К.з. пачало развівацца на пач. 1960-х г. пасля запуску першых сав. і амер. ШСЗ. Інфармацыю са спадарожнікаў і касм. караблёў атрымліваюць з выш. ад 250—500 км (адкуль разам з касмічнай здымкай праводзяцца візуальныя назіранні) да 100 тыс. км і больш (гл. Дэшыфраванне аэрафотаздымкаў). На Беларусі К.з. займаюцца картографа-геад. аб’яднанне «Белгеадэзія», ВА «Белгеалогія», Навук.-вытв. комплекс «Космааэрагеалогія», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш.

Ф.​Е.​Шамкевіч.

т. 8, с. 148

КАСМІ́ЧНАЕ ПРА́ВА міжнароднае,

сукупнасць юрыд. прынцыпаў і норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў працэсе даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы і нябесных цел і вызначаюць іх прававы рэжым. Засноўваецца на агульных міжнар.-прававых прынцыпах, уключаючы прынцыпы Статута ААН. Асн. дакумент у галіне К.п. — Дагавор аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел (1967). Прадугледжвае свабоду даследавання касм. прасторы і нябесных цел, мірнага выкарыстання Месяца і інш. нябесных цел, іх поўную дэмілітарызацыю.

т. 8, с. 148

КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм. магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.

Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.​Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 8, с. 148

КАСМІ́ЧНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ, касмабачанне,

перадача і прыём адлюстравання і гукавога суправаджэння з борта касм. апарата, які знаходзіцца ў касм. прасторы або на паверхні інш. планеты. Сігналы ад бартавой апаратуры касм. станцыі прымаюцца наземнымі пунктамі радыёсувязі і перадаюцца на тэлецэнтр, адкуль рэтрансліруюцца па сетках тэлевізійнага вяшчання. Касм. тэлевізійная апаратура надзейна працуе ў шырокім дыяпазоне т-р, у касм. вакууме і вытрымлівае вял. мех. перагрузкі.

т. 8, с. 148