КАСМЕ́ТЫКА (ад грэч. kosmētikē майстэрства ўпрыгожваць),
комплекс гігіенічных, лячэбных і дэкар. мерапрыемстваў па падтрыманні прыгажосці цела чалавека ці ліквідацыі касметычных дэфектаў. Адрозніваюць К. ўрачэбную (кансерватыўную і хірург.) і дэкаратыўную.
Урачэбную кансерватыўную К. падзяляюць на прафілакт. (гігіенічную) і лячэбную.
Прызначэнне прафілакт. — барацьба з праявамі старэння арганізма (вяласць скуры, маршчыны). Выкарыстоўвае касметычныя сродкі (ваду, мыла, крэмы, ласьёны). Прызначэнне кансерватыўнай лячэбнай К. — знішчаць вугры, хлаазмы, лячыць ад выпадзення і тлустасці валасоў, празмернага іх росту, ачышчаць скуру твару. Ужывае фізіятэрапеўт. сродкі, вітамінныя і адбельвальныя маскі, масаж і інш. Хірург. К. аперацыйна выпраўляе набытыя або прыроджаныя дэфекты скуры, форму носа, вушэй, узроставыя заганы. Дэкаратыўная К. маскіруе недахопы скуры, валасоў, вейкаў, броваў з выкарыстаннем пудры, румян, крэмаў, фарбаў.
т. 8, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)