Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛЫ́ШСКІЯ ГО́РЫ, Талыш,

горы на ПдУ Каўказа, у Азербайджане, на граніцы з Іранам. Працяг сістэмы Малога Каўказа. Аддзелены ад яго прагінам з далінай р. Аракс. Складаецца з 3 падоўжных хрыбтоў. Выш. да 2492 м. Пераважаюць флішавыя і вулканагенныя тоўшчы з інтрузіямі асн. парод. Сейсмічнасць. На схілах — субтрапічныя лясы гірканскага тыпу (дуб, дзелква, жалезнае дрэва, бук), на грэбені — нагорныя ксерафіты і горныя лугастэпы.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля Любанскага вадасх., на аўтадарозе Любань—Урэчча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнЗ ад г. Любань, 144 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Урэчча. 1395 ж., 650 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква св. Тройцы. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ (ад галанд. talie),

падвесны грузападымальны механізм з ручным, электрычным або мех. прыводам. Ручныя Т. бываюць стацыянарныя і перасоўныя, грузападымальнасцю 0,1—10 т. Эл. Т. звычайна маюць грузападымальнасць 0,25—10 т, вышыню пад’ёму да 30 м. Падвесныя пуці для іх маюць 1 або 2 рэйкі, стрэлкі, закругленні, невял. нахілы. Пнеўматычныя Т. — грузападымальнасцю да 0,1 т, выкарыстоўваюцца там, дзе эл. ток недапушчальны па ўмовах вытв-сці. Гл. таксама Тэльфер.

С.​В.​Багдановіч.

Таль: 1 — ручная чарвячная; 2 — электрычная.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ Міхаіл Нехем’евіч (н. 9 11.1936, Рыга — 28.6.1992),

латвійскі і рас. шахматыст. Гросмайстар СССР, міжнар. гросмайстар (1957). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Латвійскі ун-т (1958). У 1960—70 гал. рэдактар час. «Шахматы» (Рыга). Чэмпіён свету (1960—61), 8-ы ў гісторыі шахмат. 3-разовы чэмпіён свету сярод студэнтаў у камандным заліку. Чэмпіён свету па «маланкавай» гульні (1988). У складзе зборных каманд СССР 8-разовы пераможца Сусв. шахматных алімпіяд (1958—74). 6-разовы чэмпіён Еўропы. Чэмпіён СССР (1957, 1958, 1967, 1972, 1974. 1978), сярэбраны (1959, 1962, 1971, 1974) і бронз. (1964) прызёр. Пераможца міжнар. турніраў (1959—87).

Тв.:

Матч Ботвинник—Таль. Рига, 1961;

В огонь атаки. М., 1978 (разам з Я.​У.​Дамскім);

Когда оживают фигуры. М., 1983.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬВЕГ (ням. Talweg ад Tal даліна + Weg дарога),

лінія, якая злучае самыя нізкія пункты дна рачной даліны, лагчыны, яра і інш. эразійных форм рэльефу.

т. 15, с. 409

ТАЛЬЁНІ (Taglioni),

сям’я італьянскіх артыстаў балета, балетмайстраў. Філіпа Т. (5.11.1777, г. Мілан — 11.2.1871), педагог і харэограф-рэфарматар, стваральнік рамант. балета. З 1794 працаваў у т-рах Італіі, Германіі, Аўстрыі, а таксама ў Стакгольме і Парыжы. Сярод паст.: «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера (1832), «Дзева Дуная» (1836) і «Марскі рабаўнік» (1840) А.​Адана і інш. Шмат балетаў ставіў для дачкі. Марыя Т. (23.4.1804, Стакгольм — 22.4.1884), дачка Філіпа Т., адна са знакамітых танцоўшчыц эпохі рамантызму. У 1822—47 выступала на сцэне, у 1828—35 вядучая салістка Парыжскай оперы. У 1837—42 выступала ў С.-Пецярбургу. Увяла танец на пуантах, лёгкі сцэн. касцюм. Яе танец вылучаўся адухоўленасцю і грацыёзнасцю. Сярод партый: Сільфіда («Сільфіда»), Наталі («Наталі, ці Швейцарская малочніца» А.​Гіраўца), Зюльма («Паўстанне ў сералі» Т.​Лабара), Флёр дэ Шан («Дзева Дуная»), графіня Анджэла («Цень» Л.​Маўрэра) і інш. Яе творчасць паўплывала на развіццё балетнага мастацтва. Поль Т. (Паала, 1808—1884), сын Філіпа Т., часта выступаў з Марыяй Т. ў гарадах Еўропы; ставіў балеты ў Лондане, Мілане. У 1856—83 балетмайстар Берлінскай оперы.

М.​Тальёні ў ролі Сільфіды.

т. 15, с. 409

ТАЛЬК (араб.),

мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідрасілікат магнію, Mg3 [Si4 O10] (OH)2. Мае ў сабе аксід магнію (MgO) да 31,7%, прымесі аксіду жалеза (FeO) да 5%, нікелю, марганцу, алюмінію, натрыю, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае дробналускаватыя або сланцаватыя масы, тонкакрышт. масіўныя агрэгаты (стэатыт), буйнапласціністыя ўтварэнні і інш. Колер белы, зеленаваты, чырвоны, буры, чорны. Цв. 1. Шчыльн. 2,6—3 г/см. Утвараецца пры метамарфізме магматычных і асадкавых карбанатных магнезіяльных парод. Выкарыстоўваецца ў папяровай, гумавай, парфумернай, лакафарбавай, тэкст., керамічнай, кабельнай, металургічнай, мед. прам-сці; стэатыт — вырабны камень. Радовішчы ў Расіі, Канадзе, Аўстрыі і інш.

Тальк.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА.

Гарэлецкі канал, рака ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 341 км². Пачынаецца на меліяраваным балоце Гала за 1,5 км на ПнУ ад в. Ліпнікі, вусце за 1,8 км на Пн ад в. Талька. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Рэчышча каналізаванае.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА (Talca),

горад у цэнтр. ч. Чылі, у Падоўжнай даліне. Адм. ц. вобласці Маўле. Засн. ў 1692. Каля 180 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, у т. л. вінаробная, тытунёвая і мукамольная; дрэваапр., запалкавая, папяровая, абутковая, спірта-гарэлачная, чорная металургія. Музеі: Б.О.Хігінса, выяўл. мастацтваў і музыкі.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Талька, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Мар’іна Горка; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 83 км ад Мінска. 443 ж., 213 двароў (2002). Аграфірма «Верасень», лясніцтва. цэх па перапрацоўцы драўніны, санаторый-прафілакторый «Талька». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Т. партызаны правялі Талькаўскую аперацыю 1942.

т. 15, с. 409