СКАЛАПЕ́НДРАВЫЯ (Scolopendromorpha, або Scolopendrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. губаногіх. 2 сям.: крыптапіды (Cryptopidae) і скалапендры (Scolopendridae). Каля 900 відаў. Большасць пашыраны ў тропіках і субтропіках, глебавыя С. трапляюцца ў стэпавай і лясной зонах Усх. Еўропы. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у расколінах скал, глебы і інш.
Даўж. да 30 см. Цела пляскатае ў спінна-брушным напрамку, складаецца з членікаў, на большасці якіх ёсць дыхальцы. Спіна скурыстая, звычайна цямнейшая за брушка. Скалапендры па баках галавы маюць вочы, якія складаюцца са скопішчаў простых вочак, крыптапіды — сляпыя. Развіццё з эпімарфозам. Кормяцца ў асн. беспазваночнымі, буйныя — і дробнымі пазваночнымі. Многія ядавітыя, ядомыя.
т. 14, с. 433
СКАЛЕКАДО́НТЫ [Scolecodontes ад грэч. scōlēx чарвяк + odys(odontos) зуб],
выкапнёвыя рэшткі сківіц драпежных многашчацінкавых чарвей. Маюць выгляд чорных вызубленых скрыўленых пласцінак даўж. 0,3—3 мм. Складаюцца з хіцінавага рэчыва, часам з уключэннямі вапны. На тэр. Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку, сілуру, дэвону, карбону (каля 500 млн. г. назад і пазней). Служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
т. 14, с. 433
СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),
усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).
М.В.Лаўрыновіч.
т. 14, с. 433
СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,
рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.
т. 14, с. 433
СКАЛО́ТЫ,
адна з саманазваў усіх або адной груп прычарнаморскіх скіфаў, пра якую піша Герадот (5 ст. да н.э.) у 4-й кнізе сваёй гіст. працы; сцвярджае таксама, што назва «С.» паходзіць ад скіфскага «цар». Некат. вучоныя мяркуюць, што С. наз. скіфы-земляробы.
т. 14, с. 433
СКАЛЬПАВА́ННЕ (ад лац. scalpere скабліць),
ваенны звычай некат. народаў, паводле якога ў якасці трафея здымалі скальп. Было вядома ў стараж. народаў (галаў, скіфаў). У 17—19 ст. звычай С., які раней існаваў ва ўсх. і паўд.-ўсх. частцы Паўн. Амерыкі (іракезы і інш), распаўсюдзіўся і ў інш. індзейскіх плямён пад уплывам англ. і франц. каланізатараў, якія плацілі індзейскім «саюзнікам» за скальпы воінаў варожых ім плямён.
т. 14, с. 433
СКА́ЛЬСКІ (Сцяпан Уладзіміравіч) (15.1.1899, Мінск — 29.12.1972),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у тэатрах Харкава і інш. гарадоў (1917—19), на Бел. радыё (1932—35, маст. кіраўнік), у Белдзяржэстрадзе (1948—52), Бел. т-ры імя Я.Коласа (1926—32, 1937—48, 1952—65). Характарны акцёр. Сярод роляў у т-ры імя Я.Коласа: Мартын Рыль, Шышла («У пушчах Палесся», «Вайна вайне» Я.Коласа), Дубавец («Проба агнём» К.Крапівы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Абабурка («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Мікола Барановіч («Каля тэрасы» М.Грамыкі), Пётр, поп Паўлін («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Косця («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Астап («Астап» А.Глобы), Павел Паўлавіч («Рэйкі гудуць» У.Кіршона), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва), Сысоеў («Першая конная» У.Вішнеўскага).
т. 14, с. 433
СКАЛЬФА́РА ((Scalfaro) Оскар Луіджы) (н. 9.9.1918, г. Навара, Італія),
італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Каталіцкі ун-т у Мілане. З 1948 дэп. парламента ад Хрысц.-дэмакр. партыі. У розныя гады займаў розныя пасады ў парламенце і ўрадзе, узначальваў міністэрствы транспарту і грамадз. авіяцыі, адукацыі; абіраўся нам. спікера ніжэйшай палаты парламента. У 1983—87 міністр унутр. спраў Італіі. З мая 1992 — прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
т. 14, с. 433
СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты),
скалярная велічыня, фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл. Вось у матэматыцы).
т. 14, с. 434