Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп. Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яго тэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.

т. 14, с. 427

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс. км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт. вобл. Сіцылія, 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн. ч. крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм. цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 428

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аў Сіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц.г. Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс. га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс. га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс. га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.

У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст. н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.

т. 14, с. 428

СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),

вакальная ці інстр. муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер ​6/8 ці ​12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап. прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл. Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Л.​Бетховена, уласціва творам Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, А.​Анегера, І.​Стравінскага, Г.​Свірыдава, Дз.​Шастаковіча, К.​Караева, Ю.​Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.​Мдывані на вершы Г.​Апалінэра).

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 428

СІЦЫ́НСКІ (Анастас Аляксандравіч) (11.10.1862, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — ?),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р медыцыны (1893), праф. (1912). Скончыў Маскоўскі ун-т (1887). У 1887—91 урач у Карэлічах, Мінску, чл. Мінскага навук. т-ва ўрачоў з 1890. З 1892 у Пецярбургу, з 1912 у Варшаўскім ун-це. Навук. працы па пытаннях акушэрства і гінекалогіі.

т. 14, с. 428

СІЦЬКО́ВА,

вёска ў Мікалаеўскім с/с Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 46 км на ПдУ ад г. Міёры, 165 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Боркавічы. 246 ж., 85 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 428

СІЭ́ТЛ (Seattle),

горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. Засн. ў 1851. 537 тыс. ж., з г. Такома і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Найбуйн. прамысл., гандлёва-фін., навук. і культ. цэнтр паўн. ч. Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і ўсяго ПнЗ ЗША. Праз С. ідуць гал. сувязі з Аляскай і краінамі Д. Усходу. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў авіяц. і ракетна-касм. прам-сці ЗША (праўленне, н.-д. лабараторыі і з-ды фірмы «Боінг»). Галіны прам-сці: суднабудаванне, радыёэлектронная, прыладабуд., аўтамаб., вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, чыг. вагонаў, чорная металургія, нафтаперапр., дрэваапр., папяровая, паліграфічная. База рыбалоўства. 7 ун-таў. Тэатры, маст. музеі.

т. 14, с. 428

СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.

Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 428

СІЯЛКО́Т,

горад на ПнУ Пакістана, у прав. Пенджаб, за 15 км ад граніцы з Індыяй. Каля 400 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Вытв-сць хірург. і муз. інструментаў, спарт. інвентару. Цэнтр саматужных рамёстваў: выраб метал. посуду, ручное дыванаткацтва, разьбярства па дрэве і метале.

т. 14, с. 429

СІЯ́М,

афіцыйная назва Тайланда да 1939 і ў 1945—48.

т. 14, с. 429