Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ВОПРО́СЫ АРХИВОВЕ́ДЕНИЯ»,

навукова-інфарм. бюлетэнь. Выдаваўся ў 1959—65 у Маскве на рус. мове. У 1966 ператвораны ў час. «Советские архивы».

т. 4, с. 271

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн. як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш. Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.

т. 4, с. 271

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,

навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.​І.​Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.

т. 4, с. 271

ВО́ПЫТ,

уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.​Берклі, Д.​Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.​Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.​Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.

Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.

Літ.:

Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 271

ВО́РАН (лац. Corvus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні. 4 гал. зоркі амаль аднолькавай яркасці ўтвараюць няправільны чатырохвугольнік. 15 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы і вясной. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 272

ВО́РАН,

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася ў старажытнасці для разбурэння крапасных сцен, высадкі на сцены крэпасці ўзбр. воінаў і пры абардажы караблёў. Упершыню ўжыты ў час Пунічных войнаў (3—2 ст. да н.э.). Крапасны воран меў форму масіўнага крука, які прыводзілі ў рух некалькі воінаў, або форму калодзежнага «жураўля» са скрыняй для воінаў. Абардажны воран уяўляў сабою перакідны мост (бервяно) з метал. крукам на канцы, які ўтыкаўся ў палубу або борт карабля. Выкарыстоўваўся ў эпоху вёславага і паруснага флоту.

Воран для высадкі воінаў на сцены крэпасці (злева) і для разбурэння сцен.

т. 4, с. 272

ВО́РАНАВА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс. ж. (1996).

Вядома з 16 ст. Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.​Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

т. 4, с. 272

ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),

бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Л.Воранава. Флора. 1994.

т. 4, с. 272

ВО́РАНАЎ (Мікола) (Мікалай Гаўрылавіч; н. 13.12.1936, в. Віры Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Працаваў у раённых газетах. Дэбютаваў вершамі ў 1952. У апавяданнях (зб. «Ветраны дзень», 1976, «Перад адлігай», 1984) адлюстроўвае вясковы побыт, расказвае пра сваё пакаленне, якое спазнала вайну, сіроцтва, пасляваен. цяжкасці. Аповесць «Завея» (1979) пра жыццё і працу рыбакоў.

т. 4, с. 272

ВО́РАНАЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (17.9.1840, г. Ялта, Украіна — 31.1.1873),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім і Пецярбургскім ун-тах. У 1858 пазнаёміўся з М.​Г.​Чарнышэўскім (да 1861 быў яго асабістым сакратаром і даверанай асобай). Дэбютаваў аўтабіягр. дылогіяй «Маё дзяцінства» (1861) і «Маё юнацтва» (1862). Друкаваўся ў час. «Время», «Современник», «Русское слово», «Колокол», «Будильник» і інш.

У 1863 пераехаў у Маскву. Асн. тэмай яго творчасці стала жыццё люмпен-пралетарыяту, сац. «дна»: зб. «Маскоўскія норы і трушчобы» (т. 1—2, 1866—69, з А.​І.​Левітавым), «Багна» (1870).

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1961.

т. 4, с. 272