Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,

адзін з трох асн. грэчаскіх арх. ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.

В.​Ф.​Валошын.

Карынфскі ордэр.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,

карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ,

прыродныя мінер. ўтварэнні зямной кары, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў сферы матэрыяльнай вытв-сці. Фарміруюцца ў ходзе геал. гісторыі пад уплывам экзагенных і эндагенных працэсаў. Вылучаюць цвёрдыя (вугалі выкапнёвыя, руды, неметал. карысныя выкапні), вадкія (нафта, падземныя воды) і газападобныя (газы прыродныя). Паводле складу і асаблівасцей выкарыстання адрозніваюць гаручыя, метал. і неметал. выкапні. Залягаюць у радовішчах, якія аб’ядноўваюць у раёны, правінцыі і басейны. Гл. таксама Мінеральна-сыравінныя рэсурсы, Запасы карысных выкапняў.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СЦЬ (карыслівы намер),

у крымінальным праве адзін з матываў злачынства, які выяўляецца ў імкненні да нажывы, абагачэння праз учыненне злачынства. Адносіцца да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей (напр., у выпадку забойства).

т. 8, с. 117

КАРЫ́ТНАЕ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад г. Асіповічы, 154 км ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Ясень. 546 ж., 198 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 117

КАРЫФЕ́Й (ад грэч. koryphaios правадыр, кіраўнік),

1) у старажытна-грэчаскай трагедыі кіраўнік хору, яго найб. кваліфікаваны ўдзельнік. Выконваў меладэкламацыйныя рэчытатывы, вёў дыялогі з гал. героямі.

2) Вядучы танцоўшчык (танцоўшчыца) кардэбалета, які выступае ў першай лініі і выконвае асобныя невял. танцы. У сучаснай балетнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца рэдка.

3) У пераносным сэнсе — выдатны дзеяч у якой-н. галіне ведаў, звычайна ў навуцы ці мастацтве.

т. 8, с. 117

КАРЫ́ЦА,

высушаная кара галінак карычных дрэў роду карычнік. Матава-жоўта-бурага колеру, з тонкім пахам. Таўшчыня слоя 0,5 мм. Мае эфірны алей (1—2%), крухмал, гумі, цукар, дубільныя рэчывы. Лепшыя гатункі К. з кары цэйлонскага і кіт. карычных дрэў. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, фармакалогіі і парфумерыі (карычны алей).

т. 8, с. 117

КАРЫ́ЦЕНСКІ МОХ,

гідралагічны заказнік на тэр. Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Засн. ў 1981 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотных масіваў К.М. і Чысцік-1 з характэрнай расліннасцю. Пл. 1350 га (1998). Знаходзіцца ў межах Суражскай нізіны. Рэльеф тэрыторыі азёрна-марэнны. Балоты вярховага тыпу, тарфяныя паклады таўшчынёй да 3,7 м. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-хмызнякова-сфагнавыя фітацэнозы, на мінер. «астравах» — бярозавыя, яловыя, асінавыя і альховыя лясы.

т. 8, с. 117

КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),

паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.​Красіцкаму, М.​Пачобут-Адляніцкаму, Р.​Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.

Літ.:

Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;

Парэцкі Я.І. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 117

КАРЫ́ЦКІ (Сяргей Дзям’янавіч) (5.11. 1913, в. Мудроўка Мінскага р-на — 20.9.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Варонежскі зоатэхн. ін-т (1938). Працаваў у Смаленскай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., 1-м Укр. франтах Удзельнік вызвалення Луцка, Бродаў, Перамышля.

Камандзір кав. эскадрона, ст. лейт. К. вызначыўся пры выхадзе на чэхаславацкую граніцу 19—20.9.1944, калі яго эскадрон захапіў 2 варожыя батарэі, 7 аўтамашын, знішчыў больш за 70 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

С.​Дз.Карыцкі.

т. 8, с. 117